Ці ўшануюць памяць Капскага ў Барысаве?


Пасля смерці Анатоля Капскага мінуў год і адзін месяц. Цягам гэтага часу перыядычна гучалі прапановы назваць ягоным імем «Барысаў-Арэну» або прынамсі паставіць на яе тэрыторыі помнік. Пакуль, праўда, усё абмяжоўваецца партрэтам, які вісіць на фасадзе стадыёну.

Яшчэ ёсць помнік у выглядзе «Барысаў-Арэны» на магіле. Ён з’явіўся там на гадавіну смерці. Але відавочна, што маштаб асобы Капскага ў межах Барысава і маштаб ушанавання ягонай памяці пакуль не супадаюць.

Не так даўно ў інтэрнэце з’явілася петыцыя, аўтары якой дамагаюцца пераназвання барысаўскай арэны ў гонар легендарнага функцыянера, а яшчэ спадзяюцца, што імя Капскага будзе насіць адна з прылеглых да стадыёну вуліцаў. Мясцовыя чыноўнікі на гэты конт маўчаць. А мы паразмаўлялі з заўзятарамі. Да вуліцы Капскага многія ставяцца скептычна, але перайменаваць арэну – даспадобы абсалютна ўсім апытаным.

Заўзятары ФК БАТЭ (Барысаў):

«Арэну называйце, калі ласка. Але наконт вуліцы – я супраць. У арэну ён шмат уклаў, але ў горад – не думаю».

«Стадыён можна назваць. А вуліцу – гэта ўжо складаней. Стадыён! Можна нават тут нейкі бюст паставіць».

«Яе даўно ўжо трэба перайменаваць. Я не разумею чаму дагэтуль гэта не зрабілі».

«Клуб хоча гэтага, але не хоча праяўляць ініцыятыву. У клубе хочуць, каб перайменавання ініцыяваў народ, дзяржава».

«Па-мойму трэба выходзіць самім кудысьці вышэй. Каб дамагацца гэтага».

«Капскі заслужыў усё. І тое, і тое. А можа быць, і яшчэ нешта.

– Я думаю, дастаткова стадыёну. А я не згодны».

«Капскі гэтага заслугоўвае. Будзе вельмі класна, калі яго імем назавуць гэты стадыён. І мы будзем вельмі рады гэтаму».

Падтрымалі ідэю і вядомыя беларускія спартоўцы. На сайце выдання «Прессбол» з’явіўся адкрыты ліст, подпісы пад якім паставілі 150 былых і дзейных атлетаў. Праўда, людзей, звязаных з футболам, у ім няшмат.

Аляксей Бага, галоўны трэнер ФК БАТЭ (Барысаў):

«Я не зусім разумею механізму збору гэтых подпісаў. Хто гэтым займаўся, дзе і як. Калі б гэтая акцыя была больш арганізаванай, думаю, было б больш футбольных людзей. Зразумела, што былі канкурэнты, былі нейкія свае стасункі з людзьмі ў Анатолевіча пры жыцці, але я ўпэўнены, што ўсе, хто працуе ў футболе, хто любіць гэты від спорту, паставілі б свой подпіс».

Збор подпісаў арганізаваў журналіст Сяргей Шчурко. Паводле яго, важна было далучыць да акцыі менавіта прадстаўнікоў іншых відаў спорту. А тое, што ўшанаванне памяці Капскага падтрымаюць людзі з футбольнай грамадскасці, маўляў, відавочна і так. Таму на іх упор у адкрытым лісце не рабіўся.

Сяргей Шчурко, спартовы журналіст, «Прессбол»:

«Чаму там апынулася некалькі футбалістаў? Таму што яны даведаліся аб тым, што ёсць такі спіс. Тыя, хто даведаўся – тыя трапілі. Але ў мяне не было задачы маніторыць меркаванні ўсіх футбалістаў. Я думаю, што ўсе б адназначна падпісалі «за».

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары