Ці будуць адбельваць Лукашэнку?


Курапацкія крыжы знесеныя. Цяпер уладам трэба патлумачыць, навошта гэта было зроблена. Займацца гэтым будзе ўся прапагандысцкая машына, мяркуе журналіст Франак Вячорка.

У «Размове Сцебуракі» спрабуем разабрацца: ці можа нешта ўратаваць рэпутацыю тых, хто аддаў загад зносіць крыжы? Днямі Франак Вячорка выказаў меркаванне, што «штатным адбельвальнікам Лукашэнкі» сёння не пазайздросціш: ім давядзецца тлумачыць свету, «што ўсё не так, што крыжы самі падаставаліся, а Дашкевіч прасіўся ў РУУС». У студыі «Размовы Сцебуракі» Франак Вячорка зазначае, што ўлады ўжо спазніліся. Калі і быў шанец выйсці з сітуацыі з мінімальнымі стратамі, то варта было карыстацца ім адразу пасля інцыдэнту.

«Яны не пралічылі моц эфекту. Ім здавалася, што сапраўды папратэстуе Багінская, выйдзе Севярынец, пасадзяць Дашкевіча і сітуацыя сама завяне. Цяпер што яны будуць рабіць? Хутчэй за ўсё, асмелюся прадказаць, яны паспрабуюць пераключыць увагу людзей на іншыя тэмы. У нас тут раптам кожны дзень пачаліся эвакуацыі з вялікіх гандлёвых цэнтраў, ператрус «Белсату». Яшчэ нешта важнае адбудзецца, і яны спадзяюцца, што нейкая больш драматычная падзея адцягне ўвагу людзей ад Курапатаў», – выказаўся госць праграмы.

У поўнай версіі «Размовы Сцебуракі» мы абмяркоўваем: колькі людзей працуе на станоўчы імідж уладаў, ці ёсць у сітуацыі з курапацкімі крыжамі нейкі добры бок і ці навучацца ўлады Беларусі прызнаваць свае памылкі.