Тры гадзіны пешшу ў горад: беларускія вяскоўцы ў датранспартавым веку


Што шмат у якіх рэгіёнах складана дабрацца з пункту А ў пункт Б, для Беларусі з’ява не новая. Штогоду маршрутаў з вёскі ў горад становіцца ўсё менш. Невялікія паселішчы выміраюць. І павялічваць там колькасць рэйсаў аўтапаркам папросту нерэнтабельна.

«На горад калі збіраюся – магу пешшу пайсці. На пенсіі – часу мне хапае», – кажа вясковец Уладзімір Вусікаў.

Ад вёскі, дзе жыве спадар Уладзімір, да Жлобіна – 15 кіламетраў. Каля трох гадзінаў пехатою. Аўтобус ходзіць чатыры разы на дзень: двойчы ў адзін бок, двойчы – у другі. Але ў аўторак і чацвер рэйсаў няма. Уладзімір на пенсіі, а вось ягоная жонка штодня мусіць быць на працы. Аднак выдаткоўваць шэсць гадзінаў на дарогу два дні з пяці жанчына не можа проста фізічна.

«Калі аўтобуса няма – начуе ў сяброўкі», – распавядае Уладзімір.

Скардзіцца на транспартавае злучэнне ў вёсцы няма каму. Цяпер там жывуць пенсіянеры, дачнікі або ўладальнікі аўтамабіляў. Людзі, якія выпадаюць з гэтай катэгорыі, як, напрыклад, Уладзімірава жонка, са сваймі праблемамі мусяць даваць рады самастойна.

«Толькі ў пятніцу, у суботу і ў нядзелю два аўтобусы ходзяць. А так – нічога», – кажа яшчэ адзін вясковец Анатоль Карніенка.

Ад вёскі Селішча да Жлобіна – каля 20 кіламетраў. Спадару Анатолю грамадскі транспарт замяніў ровар. Нягледзячы на зіму, ён прызвычаіўся дабірацца роварам і ў найбліжэйшую вёску, і ў горад. Іншага выбару няма. У вёсцы жывуць толькі пенсіянеры. Самае складанае для іх – даехаць да лякарні, бо да найбліжэйшай – 6 кіламетраў. Часам можна дабрацца аўтаспынам, іншым разам даводзіцца лекавацца самастойна, бо на ровар тут можа сесці далёка не кожны.

«Хуткую выклічаш – і дабярэшся, калі канькі ўжо адкідваеш», – дадае спадар Анатоль.

А Ганна Сянько жыве ў Маладзечне. Яна часта ездзіць да сваякоў у вёску Селіўцы, што за 40 кіламетраў. На першы погляд, дабрацца туды проста, аўтобус ходзіць ажно тройчы на дзень. Але ў найлепшым выпадку ён спозніцца на паўгадзіны, у найгоршым – можа зусім не прыехаць. У дарозе аўтобусы часта ламаюцца. Апошні раз Ганна дабіралася з Маладзечна ў вёску Селіўцы дзве гадзіны замест адной.

«Аўтобус ламаўся пяць разоў, было вельмі холадна, была ўжо мінусавая тэмпература. Кіроўца спрабаваў адрамантаваць аўтобус, але гэта дрэнна атрымлівалася», – распавядае Ганна Сянько.

Занепакоеныя пасажыры спрабавалі датэлефанавацца кіраўніцтву Маладзечанскага аўтавакзалу. Але на тым канцы проста кідалі слухаўку. Існуе ў Маладзечне праблема і з гарадскім транспартам: праз тое, што ён позніцца або не прыходзіць зусім, людзі не паспяваюць на працу.

«Людзі скардзяцца пастаянна, людзі пішуць скаргі ў аўтавакзале. Але ніяк не рэагуюць улады нашага гораду на гэтую праблему», – адзначае Ганна.

Зрыванне прыгарадных рэйсаў у Маладзечна мясцовы аўтапарк тлумачыць тэхнічнаю няспраўнасцю аўтобусаў. У Беларусі, акрамя нерэнтабельнасці рэйсаў грамадскага транспарту, існуе яшчэ адная праблема: праз невысокія заробкі ў рэгіёнах бракуе кіроўцаў. І відавочна, што лёс звычайных вяскоўцаў ды іхныя патрэбы адыходзяць тут на другі план.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Кожны пятнаццаты беларус мае інваліднасць… і не мае грошай
  • Маці на працы, бацька з дзіцём: гісторыі мужчынаў, якіх не пужае статус «тата ў дэкрэце»
  • Дзе знайсці працу інвалідам, алкаголікам і былым зняволеным?

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».