Свет Трамп на Блізкім Усходзе: міратворац і гандляр зброяй


Ізраіль сустракае прэзідэнта ЗША Доналда Трампа абдымкамі, але пры гэтым выказвае занепакоенасць падпісаннем вайсковых кантрактаў паміж Штатамі і Саудаўскай Аравіяй на суму прыблізна $ 110 млрд.

Другая краіна замежнага турнэ прэзідэнта ЗША, што пачаўся 20-га траўня, – Ізраіль. Туды Доналд Трамп скіраваўся ў панядзелак адразу пасля візіту ў Саудаўскую Аравію.

Адсутнасць дыпламатычных дачыненняў паміж арабамі ды ізраільцянамі прымусіла апошніх трывожна адрэагаваць на паспяховы кантракт Трампа на продаж зброі ў Саудаўскую Аравію і запатрабаваць ад прэзідэнта ЗША тлумачэнняў.

«Мы мусім пераканацца, што экспарт зброі ў Саудаўскую Аравію ніякім чынам не пагоршыць якаснай перавагі Ізраілю, бо Саудаўская Аравія па-ранейшаму варожая краіна, і ніхто не ведае, што можа быць у будучыні», – заявіў міністр нацыянальнай інфраструктуры Ізраілю Юваль Штайніц.

Зрэшты, падставы для турботаў у Ізраілю сапраўды ёсць. ЗША заключылі вайсковыя кантракты амаль на $ 110 млрд. Мяркуюць, што Амерыка прадасць Саудаўскай Аравіі 150 верталётаў «Блэк Гок» на суму $ 6 млрд.

Агульная сума падпісаных кантрактаў складае амаль $ 350 млрд. Узмацненне вайсковага патэнцыялу робіцца, паводле Трампа, для супольнай барацьбы з сусветным тэрарызмам.

Пратэстам на візіт прэзідэнта ЗША ў Саудаўскую Аравію адрэагаваў Емен. З 2015-га года, пасля таго, як уладу ў краіне захапілі шыіты, Саудаўская Аравія застаецца ў стане ваеннага канфлікту з гэтаю краінаю.

«Мы тут сёння, каб сказаць «не» амерыканскаму тэрарызму! Доналд Трамп, вы забіваеце еменцаў рукамі Саудаўскай Аравіі. Вы падтрымліваеце «Ісламскую дзяржаву», спансіруючы рэжым саудаўскіх вахабітаў», – заявіў журналіст Насэр Аль-Рабіі.

Не зважаючы на інцыдэнт з кантрактамі, візіт лідара ЗША сапраўды жаданы. Трамп – першы амерыканскі прэзідэнт, які плануе наведаць Сцяну плачу – галоўную святыню юдаізму.

«Мы абмяркуем з прэзідэнтам Трампам шляхі далейшага ўмацавання хаўрусу са Злучанымі Штатамі. Мы будзем умацоўваць сувязі ў галіне бяспекі, мы таксама абмяркуем шляхі садзеяння міру. Спадару прэзідэнт, народ Ізраілю чакае вас з распасцёртымі абдымкамі», – сказаў прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу.

Таксама Трамп плануе адрадзіць мірны працэс паміж Ізраілем і палестынцамі, правёўшы перамовы з прэм’ер-міністрам Ізраілю Бэньямінам Нэтаньягу і палестынскім прэзідэнтам Махмудам Абасам.

«Перад намі рэдкая магчымасць запэўніць бяспеку, стабільнасць і мір гэтаму рэгіёну ды перамагчы тэрарызм. Але мы можам зрабіць гэта толькі разам, іншага шляху няма», – адзначыў прэзідэнт ЗША.

Пасля двухдзённага перабывання ў Ізраілі прэзідэнт ЗША скіруецца ў Бельгію і Ватыкан, дзе сустрэнецца з Папам Рымскім Францішкам. Такім чынам менш як за тыдзень Доналд Трамп сустрэнецца з прадстаўнікамі трох найбуйнейшых сусветных рэлігійных канфесіяў.

Глядзіце таксама:

Ігар Віняўскі, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары