Свет Трамп абяцае і чарговы раз шакуе


https://www.youtube.com/watch?v=hpVZeq_iHbI

Падчас звароту да амерыканцаў новаабраны прэзідэнт паставіў пад пытанне міжнародныя дамоўленасці ЗША. Паводле Трампа, сярод першых ягоных крокаў будзе вывад краіны з Трансціхаакіянскага партнёрства. Словы новаабранага прэзідэнта ізноў выклікалі занепакоенасць замежных партнёраў.

Стварэнне новых працоўных месцаў, барацьба з карупцыяй. Гэта тое, чым Доналд Трамп збіраецца заняцца першыя дні прэзідэнцтва. Адзін з першых крокаў – перагляд дамоўленасцяў папярэдняга прэзідэнта. Трансціхаакіянскае партнёрства адна з іх.

«Я збіраюся паведаміць аб намеры выйсці з Трансціхаакіянскага партнёрства – патэнцыйнай катастрофы для нашай краіны. Наўзамен мы будзем весці перамовы і падпісваць выгадныя двухбаковыя дамовы, якія створаць новыя працоўныя месцы і паспрыяюць росту прамысловасці», – сказаў новаабраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Выхад з Трансціхаакіянскага партнёрства быў адным з ключавых пунктаў перадвыбарчай кампаніі Трампа. Аднак да апошняга замежныя партнёры спадзяваліся, што новы гаспадар Белага дому перагледзіць свае планы. Сёння яны не хаваюць насцярожанасці.

«Трансціхаакіянскае партнёрства не мае сэнсу без Злучаных Штатаў. У той жа час дамоўленасці нельга перагледзець, бо гэта парушыла б фундаментальнае правіла аб роўнасці карысцяў», – адзначыў прэмʼер-міністр Японіі Сіндзо Абэ.

Дамова аб Трансціхаакіянскім супрацоўніцтве падпісалі сёлета ў лютым. Гэты пакт разглядаўся як адзін з важных элементаў гандлёвай палітыкі Барака Оўбамы. Трансціхаакіянскае партнёрства між іншага прадугледжвала адмену мытаў на тавары і паслугі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Дамоўленасць падпісалі сярод іншых Аўстралія, Канада і Японія. Што можа адбыцца далей?

«І гэта не апошні пункт зменаў ранейшай палітыкі Белага дому. Доналд Трамп абяцае зняць абмежаванні на здабычу энергарэсурсаў. Дагэтуль Амерыка прытрымлівалася палітыкі захавання большасці сваёй сыравіны ды пошуку альтэрнатыўных крыніцаў энергіі«, – падкрэсліла палітычны аналітык «European Policy Centre» Амэнда Пол.

«Я адмяню абмежаванні, якія забіваюць працоўныя месцы ў сферы прадукцыі энергіі, у тым энергарэсурсаў на шэльфе і вугалю. Такім чынам мы створым мільёны новых высокааплочваемых працоўных месцаў. Гэта тое, чаго мы так доўга чакалі», – заявіў новаабраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Сваю прэзідэнцкую працу Доналд Трамп пачне 20 студзеня. У звароце да амерыканцаў ён таксама паведаміў, што ягоная каманда рыхтуе план па абароне ключавой інфраструктуры краіны ад кібератакаў. А такія здараліся незадоўга да выбараў. Невядомыя спрабавалі ўзламаць электронныя выбарчыя сістэмы некаторых штатаў. Не выключалася, што за інцыдэнтам могуць стаяць расейскія хакеры.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары