Топ-10 зорак беларускай рэвалюцыі


Падчас паслявыбарчых пратэстаў іх удзельнікі сталі называць сябе неймавернымі. І за трываласць пратэстаў, і за крэатыў плакатных надпісаў, і за тое, што здымалі абутак, каб стаць на лаву. Аднак былі сярод гэтых пратэстоўцаў і самыя неймаверныя, якія рабіліся медыйнымі асобамі. Праз вірусныя фотаздымкі з маршаў, гучныя ўчынкі ды выказванні, што зрабіліся мэмамі 2020 года. Героі пратэстаў лета і восені 2020 года ў гасцях праграмы «Шчыра кажучы».

Побач з трагічнымі падзеямі падчас выбарчай кампаніі ды паслявыбарчых пратэстаў было шмат пазітыўных і нават камічных, рэзанансных эпізодаў, удзельнікі якіх сталі сапраўднымі героямі ў медыях і сацсетках. «Шчыра кажучы» склалі Топ-10 беларускіх пратэстоўцаў, якія праславіліся ў 2020 годзе на пратэставай хвалі. Адкрывае яго пенсіянерка Людміла Барэйка з Глыбокага, якая падказала блогеру, аўтару YouTube-каналу «Краіна для жыцця» Сяргею Ціханоўскаму слоган «Стоп таракан», з якім ён спрабаваў весці сваю прэзідэнцкую кампанію.

«Ведаеце, я не казала, што прэзідэнт прусак. Так лічаць людзі, бо прусак давіў на ўсіх людзей, ён лічыў, што ўсе звяры – рабы, мусяць яму падпарадкавацца, што ён мае жыць добра, а ўсе астатнія дрэнна. Таму людзі яго завуць прусаком. Я прусаком яго не называла, я проста распавяла казку. Як у казцы – нашае жыццё», – дасціпна тлумачыць пенсіянерка з Глыбокага Людміла Барэйка.

Жыхаркі Менску байкерка Яна (пратэстоўка, якая на фота паліць у атачэнні сілавікоў) і стылістка Аляксандра. Яны зрабіліся гераінямі папулярных фотаздымкаў падчас іхнага затрымання АМАПам. Аляксандра – тая самая дзяўчына з альтэрнатыўнай вокладкі часопісу Vogue, і вядомасць праз фота дапамагла ёй падчас аднаго з маршаў пазбегнуць новага затрымання.

«Аднойчы, ужо пасля затрымання, я хавалася за сходамі яшчэ з дзвюма дзеўчынамі. Нас тады знайшлі ды адпусцілі. Мяне проста пазналі. Мне сказалі: «Зорка інтэрнэту». У гэты момант я зразумела, што амапаўцы чытаюць Telegram, глядзяць Instagram. І ўсё яны ведаюць, такое маленькае азарэнне», – дзеліцца Аляксандра Вараб’ёва.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Інтэрв’ю з адмысловаю госцяй Нінай Багінскай.
  • Чым жывуць Дыджэі пераменаў?

Belsat.eu