Давайце разбірацца Тэндар для сваіх: як менскі тэхнапарк «злівае» замовы. Расследаванне «Белсату»



Пачалі ўлады ўсцяж казаць пра імідж Беларусі як IT-краіны – адразу мы скаціліся ў Глабальным інавацыйным рэйтынгу. Былі ў 2015 годзе 53-я, цяпер – 86-я. Гэта горшы паказчык у Еўропе.

Дзяржвыдаткі на навуковую і інавацыйную дзейнасць скараціліся, а амбіцыі засталіся. Мы вывучылі, чым, напрыклад, займаецца і можа пахваліцца самы першы і самы вялікі ўніверсітэцкі тэхнапарк у Беларусі – «Палітэхнік» пры БНТУ. Трактар-беспілотнік, 3D-прынтары, пратэзы сасудаў…

А да Другіх Еўрапейскіх гульняў тут стварылі лабараторыю спартовай біямеханікі. Задача – з дапамогай прасунутага абсталявання прааналізаваць кожны рух спартоўца, колькі ён траціць высілкаў і наколькі стамляецца. Пры дапамозе гэтых дадзеных трэнеры змогуць выявіць дробныя хібы атлета і распрацаваць персаніфікаваную сістэму трэніровак.

Мы паспрабавалі падрабязней даведацца аб працы гэтай лабараторыі, але сутыкнуліся з нечаканай катэгарычнай адмовай. Маўляў, усё засакрэчана.

Такія паводзіны падаліся нам падазронымі і мы вырашылі «пакапаць» глыбей – што ж гэта за звышсакрэтная лабараторыя? І ці не хаваюцца за дэклараванымі дзяржаўнымі інтарэсамі схемы з прыкметамі карупцыі?

На сайце дзяржаўных закупаў мы знайшлі абсталяванне, якое набывалася для гэтай установы. Мы праверылі пачатковыя кошты на тэндары, паводле якіх абсталяванне хацеў закупляць «Палітэхнік», і выявілі, што некаторыя з іх перавышалі ў разы варыянты, якія ёсць на рынку.

Аніводнага з прыблізна дзясятка абвешчаных тэндараў, так і не адбылося. Усе канкурсанты, апрача аднаго, былі адсеяныя. Бо конкурсная камісія палічыла, што ўсе астатнія прапановы, не адпавядаюць запатрабаваным параметрам.

Адсеяныя ўдзельнікі тэндараў мяркуюць, што некаторыя патрабаванні былі надуманыя, каб пасаваць пад прадукцыю толькі аднаго ўдзельніка. Такім чынам пад умовам адпавядала толькі адна расейская фірма, звязаная з функцыянерамі тэхнапарка, кошты якой былі самыя вялікія сярод канкурсантаў.

Падрабязнасці глядзіце ў расследаванні «Белсату» у праграме «Давайце разбірацца».

Глядзі таксама
Каментары