«Я бачу некалькі асобаў, але я не назаву іхных прозвішчаў, бо гэта небяспечна для іх», – так на пытанне пра беларускага Зяленскага адказала пісьменніца і нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Ёй сёння спаўняецца 71 год. Як яна ацэньвае падзеі ў Беларусі і за мяжою? Ці глядзела серыял «Чарнобыль», сцэнар якога заснаваны на ейных кнігах? Інтэрв’ю ўзяла Аліна Коўшык.
Нагода для святкавання ёсць, але святочных усмешак бракуе. Кіраўнікі краінаў, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, адзначылі ў Нур-Султане 5 гадоў Дамовы аб ЕАЭС. Для беларускага кіраўніка гэта не адзіная гадавіна сёлета. У снежні мінае 20 гадоў з часу падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, а ўжо ў ліпені – 25 гадоў, як Лукашэнка стаў прэзідэнтам Беларусі. Ці ёсць што святкаваць, высвятляла Вольга Жарнасек.
Мы сыходзім на канікулы, але палітычнае жыццё ў нашых паўднёвых суседзяў не мае перапынку. Дваццаць першага ліпеня ўкраінцы прагаласуюць на датэрміновых выбарах у Вярхоўную Раду. Туды цэляць адразу дзве новыя палітычныя сілы: партыя прэзідэнта «Слуга народу» і партыя вядомага рок-выканаўцы Святаслава Вакарчука пад назваю «Голас». Папрэдні прагноз палітычных зменаў ва Украіне ад Усевалада Шлыкава.
Што пагражае дэмакратыі ў свеце? У Вільні Ганна Русінава паразмаўляла з Таццянай Янкелевіч, незалежнай даследчыцай з Гарвардскага ўніверсітэту, дачкою славутай савецкай праваабаронцы Аленаю Бонэр і падчаркай нобэлеўскага лаўрэата, фізіка Андрэя Сахарава.
Ад правінцыі з рынкам на сто гандлёвых месцаў – да аднаго з найбуйнейшых лагістычных цэнтраў Усходняй Еўропы прайшоў украінскі горад Хмяльніцкі. Цяпер тут працуе больш за сто швейных цэхаў, квітнее сусветна вядомая вытворчасць вясельных сукенак, што прадаюцца нават у Італіі ды Іспаніі, а кітайскія кампаніі будуюць аўтабаны ад Хмяльніцкага ў розныя канцы Украіны. Як дробны гандаль перавярнуў лёс асобна ўзятага гораду – у матэрыяле Змітра Міцкевіча.
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!