Супраць рэжыму Лукашэнкі будуць эканамічныя санкцыі. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Тэмы праграмы:

Расея ў тупіку. Ці Пуцін прадае Лукашэнку Захаду?

Пакуль Сяргей Лаўроў ды іншыя расейскія ўрадоўцы трубяць пра ўмяшанне ў справы Беларусі з боку краінаў Захаду, Крэмль паступова выконвае свой план адносна Беларусі. Чаго хоча дабіцца Пуцін і якіх крокаў варта чакаць ад кіраўніцтва Расеі ў дачыненні нашай краіны? Адказу шукаў Зміцер Міцкевіч.

Павел Латушка: Будуць эканамічныя санкцыі

Рахункі тых, хто краў грошы і вывозіў з Беларусі будуць арыштаваныя. Рыхтуецца спіс прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі ды дапамагаюць адмываць грошы. Таксама вядзецца праца над пашыраным персанальным санкцыйным спісам Еўразвязу ў які могуць трапіць тысячы асобаў. Хто ў ім будзе? Падрабязнасці ў інтэрв’ю з сябрам прэзідыуму Каардынацыйнай рады – Паўлам Латушкам.

Якіх санкцыяў баіцца Лукашэнка?

Нягледзячы на трэці месяц пратэстаў у Беларусі, санкцыі Еўразвязу і ЗША як ніколі лагодныя. Спісы сціплыя, і там далёка не ўсе ключавыя асобы рэжыму. Але МЗС ідзе на эскалацыю міжнародных адносінаў з Еўропай. Чаму свет такі мяккі да брутальнага рэжыму ў Беларусі? Ці сапраўды такія санкцыі падштурхнуць Лукашэнку да перамоваў з Каардынацыйнаю радай? Матэрыял Юліі Лабанавай.

Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў заяўляў пра захоп гораду Гадрут у Карабаху. Ці праўда гэта?

У Стэпанакерце пустыя вуліцы, але тры дні горад не абстрэльваюць. Ці азербайджанцы захапілі горад Гадрут, як заяўляў прэзідэнт Ільхам Аліеў? Пра сітуацыю ў Карабаху распавядае ваенны карэспандэнт Вітальд Рэпетовіч, які знаходзіцца ў Стэпанакерце.

Жыць армянскаму народу ці не? Рэпартаж з Арменіі ды Карабаху

«Бальшавікі прынеслі ў ахвяру нашы гістарычныя зямлі, якія яшчэ Сеўрскай дамовай былі акрэслены як Арменія», – з горыччу кажа Давід Агаджанян. Ён стварыў сетку цэнтраў, у якіх армяне бясплатна вяжуць маскіровачныя сеткі для арміі.

«Жыць армянскаму народа ці не жыць», – так з пункту гледжання Нунэ Манукян, якая шые матрацы для армянскіх салдат, стаіць пытанне ў вайне за Карабах. Жанчына не разумее чаму хрысціянскі свет маўчыць, але ў той жа час прадае зброю Азербайджану. Рэпартаж з Арменіі ды Карабаху, аб тым як канфлікт бачаць звычайныя жыхары і чаму яны гатовыя змагацца да апошняга. Святлана Аўчарова, Вітольд Рэпетовіч і Тейміне Енокян.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясоюглядзіце штотыдзень у чацвер а 20:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: Stringer / TASS / Forum