Сто рублёў за вечар: як зарабляюць беларускія падлеткі


Дзеці з 14 гадоў маюць права працаваць. І некаторыя ўдала выкарыстоўваюць гэткую магчымасць. Аднак ахвотных падпрацаваць нашмат больш, чымся працоўных прапановаў. У выніку шматлікіх юрыдычных абмежаванняў кампаніі вельмі холадна ставяцца да няпоўнагадовых працаўнікоў.

Аляксею нядаўна споўнілася 18 гадоў, ён першакурснік Універсітэту культуры, прыехаў у Менск з Рэчыцы. Усё лета пасля заканчэння школы ён правёў у майстэрні рамонту электронікі – папрасіўся быць бясплатным памочнікам майстра.

Мабільныя тэлефоны – ягонае хобі. З двух непрацоўных ён збіраў адзін працоўны, мяняў корпус, некаторыя дэталі, перастаўляў сістэму і прадаваў працоўныя прылады праз інтэрнэт. Вучыўся на роліках «YouTube». Аматары старых мабільнікаў рабілі замовы на пэўныя мадэлі. Гэтак за лета ён зарабіў больш за 100 руб. Цяпер стажыюецца ў майстэрні ў Менску, дзе хлопца гатовыя ўзяць на працу.

Ягор Свірскі вучыцца ў 11-м класе менскай школы, яму 17 гадоў. Першыя грошы зарабіў гадоў у 10 – зняўся ў кіно і атрымаў каля 4 тыс. долараў ЗША. А ў 15 гадоў пайшоў вучыцца ў школу «Deti-MBA» і прыдумаў бізнес – падлеткавыя інтэлектуальныя гульні.

Да паўналецця юнака справа юрыдычна аформленая на іншую асобу, а ў 18 гадоў ён плануе перааформіць дакументы на сябе. Арганізацыя адной гульні прыносіць яму ад 50 руб. Але нашмат больш удаецца зарабляць гумарам – Ягор піша жарты і выступае ў барах па ўсёй краіне са стэндапамі.

«Аплата выступленняў – гэта як калі: у залежнасці ад часу выступу і што гэта за імпрэза. Вось у мяне заўтра будзе выступ, і я за яго зараблю 100 рублёў», – прызнаецца адзінаццацікласнік.

Але далёка не ўсе падлеткі могуць гэтак лёгка знайсці крыніцу кішэнных грошай. Ганне 16 гадоў, яна навучаецца ў каледжы, сама з Бабруйску. Дзяўчына спрабавала ўлетку знайсці легальную падпрацоўку, але гэта выявілася складанаю справаю.

Дзеці да 16 гадоў цягам вучэбнага года могуць працаваць каля 2 гадзінаў на дзень, улетку – 4,5 гадзіны і толькі 5-дзённы працоўны тыдзень. Пры гэтым бацькі мусяць даць пісьмовую згоду на працу. З 16 гадоў можна штодня працаваць не больш за 3,5 гадзіны, а ўлетку – 7 гадзінаў.

«Гэта ўсё ўскладняе, калі лягчэй элементарна наняць паўналетняга чалавека, з 18 гадоў, то сэнсу затлумляцца з гэтай усёй сістэмай няма ніякага», – мяркуе навучэнка каледжу Ганна Аляксандрава.

Толькі аднойчы Ганне пашэнціла папрацаваць на раздачы ўлётак – за пару гадзінаў яна зарабіла 50 руб. Але гэта разавая праца, і на яе стаіць чарга ахвочых. БРСМ у каледжы дапамагае ўладкавацца на працу толькі з трэцяга курсу, а Ганна вучыцца на другім. Таму Ганне, як і шмат якім падлеткам, застаецца толькі адно – чакаць сваіх 18 гадоў ды спадзявацца, што тады атрымаецца знайсці працу.

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».