Старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч пра затрыманні на Дзень Волі: «Ва ўладаў здаюць нервы»


Новы фармат свята, аднак паводле старога сцэнара ўладаў? Святочныя затрыманні і ціск уладаў. А як каментуюцы гэтыя падзеі грамадскія актывісты? Размаўляем са старшынём Руху «За свабоду» Юрасём Губарэвічам.

У святочныя імпрэзы ўлады Беларусі не маглі не дадаць лыжкі дзёгцю. Адразу пасля вострай прамовы абаронцы Курапатаў Змітра Дашкевіча падчас канцэрту да Дня Волі ў Менску, яго затрымалі сілавікі, на вачах дзяцей і цяжарнай жонкі.

Таксама ўчора затрымлівалі сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, які сёння заявіў пра ціск на ягоную сям’ю і выклік у Следчы камітэт у якасці сведкі па нібыта справе забойства 1989 года.

Сёння амапаўцы сачылі за анархістамі Марынай і Вячаславам Касінеравым, актывістка Наталля Гарачка начавала ў ізалятары, а ў Віцебску людзі ў цывільным склалі пратакол на Барыса Хамайду, які трымаў у руках плакат з цытатаю пісьменніка Івана Буніна: «Город Витебск – древний и нерусский».

Сёння затрымалі і выконваючага абавязкі старшыні АГП Мікалая Казлова і актывістку руху салідарнасці «Разам» Алену Таўстую, якая на знак пратэсту прыкавала сябе да слупу ланцугом проста пасярод плошчы. Вашай увазе каментары, якія мы паспелі запісаць.

Актывіст Міхаіл Савіцкі апынуўся на Кастрычніцкай плошчы падчас затрыманняў палітыкаў. Вось што ён кажа пра тое, чаму, нягледзячы на пагрозу апынуцца за кратамі, ён выйшаў у цэнтр сталіцы:

«Я ўжо стаміўся баяцца. Я хачу прайсці з усімі людзьмі да Валадарскага 9, паказаць, што мы не быдла, што мы не баімся… А… вось ужо пад’ехалі, зараз будуць затрымліваць… Ну, нічога не зробіш…»

Новы фармат свята, аднак паводле старога сцэнара ўладаў? Паразмаўляем са старшынём Руху «За свабоду» Юрасём Губарэвічам:

«Напэўна, яны дзейнічаюць па звычайнаму для сябе сцэнару. Тыя затрыманні, якія адбыліся сёння і ўчора, інакш як бязглуздымі назваць немагчыма. Асабліва ўражвае затрыманне музыкаў у цэнтры Менску, дзе яны вырашылі на пешаходнай вуліцы пад акустыку заспяваць песні, павіншаваць мінакоў са святам. Відавочна, што ва ўладаў здаюць нервы. Верагодна, прычынаю таму паслужыла і святкаванне Дня Волі ў Кіеўскім скверы, бо міліцыя разлічвала, што нас будзе ў разы меней. Калі мы сустракаліся ў выканкаме з тымі прадстаўнікамі міліцыі і выканкаму, якія забяспечвалі парадак, яны казалі: «Можа, вам нават турнікеты не трэба выстаўляць, бо калі да 500 чалавек, мы можам не выстаўляць». Але рэаліі аказаліся зусім іншымі…»

Менская міліцыя паведаміла, што святкаванне Дня Волі прайшло без грубых парушэнняў. Тым не менш, за парушэнні грамадскага парадку падчас правядзення мерапрыемстваў, а таксама за парушэнні правілаў арганізацыі масавых мерапрыемстваў і абразу затрымана двое грамадзянаў.

Менавіта пасля гэтых словаў затрымалі грамадскага актывіста Змітра Дашкевіча:

«25 Сакавіка яднае ўсіх прыхільнікаў пераменаў, нягледзячы на нашыя тактычныя разыходжанні ў меркаваннях. Гэтая свята і для «шунявак», і для «іхтамнету», і для прапагандыстаў. Бо каб не 25 сакавіка, то дзе б яны зладзейнічалі?..»

belsat.eu