Адметныя людзі – пра адметныя кнігі. У Менску распачаўся цыкл літаратурных сустрэчаў, на якіх пра ўлюбёныя кнігі распавядуць літаратары, выкладчыкі, культуролагі ды нават дактары.
Ідэя зноў адчуць сябе студэнткай універсітэту зʼявілася ў журналісткі і нашай рэдакцыйнай калегі Аляксандры Дорскай. Але акрамя выкладчыкаў сталічнага журфаку, Аляксандра вырашыла запрасіць і іншых цікавых апавядальнікаў і кнігалюбаў: «Спачатку думалі, можа зрабіць нейкі такі курс, напрыклад, ХХ стагоддзе – проза, а потым вырашылі абсалютна пазбавіцца ад усіх абмежаванняў, таму што людзі ўсе адно прапаноўвалі абсалютна розныя кнігі».
«Над прорвай у жыце» Сэлінджэра, «Ганна Карэніна» Талстога, «Я спавядаюся» Жаўмэ Кабрэ – праграма атрымалася разнастайная, а сустрэчы ўжо пачаліся – мастак і пісьменнік Адам Глобус апавёў пра «Нататкі ля ўзгалоўя» аўтарства японскай фрэйліны Сэй-Сёнагон. Назіранні і замалёўкі пра жыццё старажытнай Японіі пісьменнік параўнаў з сучаснымі сацыяльнымі сеткамі: «Яна апісвала сваё жыццё – і апісвала так, што і праз тысячу гадоў гэта выглядае блогам, які напісаны ў «Фэйсбуку» сёння».
На думку Глобуса, гэтая кніга правакуе на пісьменніцтва таго, хто яе чытае: «Мне хацелася выбраць сабе настаўніка ў літаратуры, і Сёнагон – гэта адзін з маіх настаўнікаў, дзякуючы Веры Маркавай, якая гэта перакладала, з якой я сябраваў».
Ужо ў наступны панядзелак 24 красавіка пра сваю знакавую кнігу «Працэс» Кафкі распавядзе Альгерд Бахарэвіч, а наперадзе яшчэ шмат цікавага.
Літаратурныя сустрэчы праходзяць у Менску ў прасторы «Спэйс».
Іншыя тэмы:
Сёння – Міжнародны дзень помнікаў.
«Гэтак рабілі продкі…»: свята Сулы на Гомельшчыне.
Выстава пра сквот і панк-рок.
Юлія Лабанава, Вольга Гардзейчык, «Белсат»