SPRAVA. Як прайшоў самы медытатыўны беларускі оўпэн-эйр


Музыка як фон для сузірання.

Фестываль «Sprava» у вёсцы Белая Царква зладзілі яе жыхары з любоўю да гэтых мясцінаў. Жыхары не зусім звычайныя – кліпмэйкер Мацвей Сабураў, тэатральная рэжысёрка Кацярына Аверкава і музыка гурта «Port Mone» Сяргей Краўчанка – гаспадары хатаў у вёсках непадалёк. Фестываль яны зладзілі, каб падзяліцца з усімі прыгажосцю маляўнічых берагоў і багатаю гісторыяй сваіх мясцінаў. Пры гэтым важна было не парушыць гармоніі. Сапраўды містычным відовішчам сталіся спевы хору «Салютарыс» у напаўразбуранай барокавай царкве на захадзе сонца.

«Месца гэта чыстае, з добрай гісторыяй, з мастацтвам, якое квітнела тут стагоддзямі і якое, мне здаецца, не памерла, а проста спала, і можа, дзякуючы нашай сціплай дзейнасці, яно атрымае шанец прачнуцца», – распавядае Мацвей Сабураў.

А пачалі з драўлянае сцэны, якую адмыслова да фэсту пабудавалі цесляры з Беларусі ды Нямеччыны. Яна застанецца тут і, магчыма, з яе будуць спяваць мясцовыя калектывы. Увогуле «Справа» нечакана сабрала каманду з паўсотні валанцёраў, якія ўсё рабілі з душою – ад палявой кухні да арт-інсталяцыі «Дрэва Дарвіна», увешанай мазгамі і сэрцамі з кабінету біялогіі. Далучыліся і мясцовыя жыхары, напрыклад, француз Барыс карміў гасцей далікатэсамі.

«Я прыехаў у Беларусь, бо ажаніўся з беларускаю, мы набылі хату тут у суседняй вёсцы. Для фестывалю прыгатаваў французскія дэсерты і смаўжоў. У Францыі смаўжоў можна збіраць толькі два месяцы за год, а ў Беларусі пасля кожнага дажджу іх колькі заўгодна!» – адзначыў кухар Барыс Буаняр.

Выступ музыкаў «Shuma» і «Port Mone» супаў з зоркападам, што надаў канцэртам яшчэ большай гіпнатычнасці. У Белай царкве не было натоўпу і гучных забаваў, а музыка была фонам для сузірання прыгажосці.

Аляксандра Дорская, Марына Вашкевіч, Дар’я Румянцава