Спецвыданне. 75-я гадавіна вызвалення лагеру смерці Аўшвіц-Біркенаў


Дзень памяці, смутку і болю. 27 студзеня па ўсім свеце згадваюць ахвяраў Галакосту. 75 гадоў таму вызвалілі лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў. Толькі тут каля 1,5 мільёна, а агулам – мільёны чалавечых жыццяў, адабраных без найменшай падставы. Цярпенне дзяцей, маці, старых і маладых. У месцы, дзе ўсё нагадвае пра жудасны час забойстваў, – памятныя ўрачыстасці.

На іх прысутнічалі былыя вязні лагера і прадстаўнікі амаль што ўсіх дзяржаваў свету. Адмысловае выданне прысвячаем памяці і цярпенню чалавека ў трагедыі, якая ніколі не павінна паўтарыцца. Будуць успаміны сведак, гістарычныя каментары і самыя глыбокія эмоцыі.

Карэспандэнт Белсату Алесь Папко выслухаў гісторыі тых, хто цудам ацалеў у Аўшвіцы. Былыя вязні лагеру сустрэліся з журналістамі напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення Аўшвіц-Біркенаў.Сустрэчу зладзіў Музей канцлагеру ў гарадской бібліятэцы Асвенціма. У канцэнтрацыйным лагеры, дзе нацысты забілі мільён чалавек, назаўсёды засталіся іх бацькі, браты, сябры.

Ксенія Альхова, былая вязніца канцлагеру Аўшвіц, распавядае:

«Былі моманты, калі не хацелася жыць. Мы да такой ступені стаміліся ад усяго гэтага, што жыць проста не хацелася. Аднак дарослыя вязні нам казалі: вы павінныя выжыць! Яны кармілі нас, а мы не маглі есці – цынга. Гэта страшная хвароба. У нас балеў рот, мы не маглі есці. Затым дыстрафія пачалася».

Былы вязень канцлагеру Аўшвіц Ігар Маліцкі ўспамінае:

«…Ляжыць голая жанчына, я нават памятаю яе прыгожы твар, а каля яе грудзей поўзае жывое дзіця. Яно не было задушанае газам! Я выйшаў і кажу: «Спадар афіцэр СС, дзіця жывое!» Я ўжо добра размаўляў па-нямецку, там хутка навучылі. Ён яго ўзяў за ножкі, ударыў аб зямлю – і кінуў у кучу целаў мёртвым…»

Дзеліцца ўспамінам былы вязень канцлагеру Аўшвіц Давід Левін:

«У 1942 годзе мяне з братам Рышардам схапілі ў Варшаве і адправілі ў канцлагер Майданэк. Там мы працавалі на будаўніцтве лагеру і на палях. Аднойчы я скраў жменю агуркоў з поля. Гэта ўбачыў афіцэр СС, і мяне збілі да паўсмерці, затым збілі зноў. Пазней я даведаўся, што майго брата застрэлілі адразу пасля прыбыцця ў лагер, я не ведаю чаму. Я не магу забыць гэтага да сённяшняга дня…»

Марыя Гёрль, былая вязніца канцлагеру Аўшвіц, кажа:

«Першым маім успамінам быў дзіцячы дом, лагеру я не памятаю. У мяне не было ні даты нараджэння, ні імя, ні прозвішча, толькі лагерны нумар. Я не ведала, што паходжу з Беларусі, мяне ўсынавіла і выхавала польская сям’я. Праз 17 гадоў я даведалася, што па радыё нехта шукаў дзвюх дзяўчат, у якіх быў вытатуяваны лагерны нумар. І шукалі менавіта мой нумар. Гэтак у мяне стала дзве маці…»

Таксама глядзіце ў выданні:

  • 09:07 – Прамова прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды
  • 10:32 – Гісторыя «Фабрыкі смерці» у матэрыяле Святланы Аўчаровай і Ірыны Драфейчук
  • 14:28 – Пра тыя падзеі размаўляем з гісторыкам Ігарам Мельнікавым
  • 19:24 – Гісторыя Таццяны Фаміной. Яна была яшчэ дзіцём у беларускай вёсцы, калі на ўласныя вочы пабачыла жахлівыя забойствы суседзяў і блізкіх у 1943 годзе. Сама ж патрапіла ў Аўшвіц-Біркенаў. Ацалела
  • 22:14 – Памятныя ўрачыстасці ў сінагозе ў Горадні. На сувязі наш карэспандэнт Алесь Кіркевіч
  • 25:37 – Успамін пра няволю і цудоўная гісторыя выратавання ад Галакосту вядомай беларускай грамадскай дзяячкі Ады Райчонак
  • 28:00 – Дырэктар музею Аўшвіц-Біркенаў Пётр Цывіньскі распавёў пра спробы адшукаць кагосьці з тых, хто вызваляў вязняў канцлагеру
  • 28:54 – Аповед пра вызваленне Аўшвіцу старэйшага лейтэнанта Івана Мартынушкіна, камандзіра роты Першага Украінскага фронту
  • 31:40 – У Менску МЗС Беларусі і Музей гісторыі Вялікай айчыннай вайны зладзілі жалобную цырымонію
  • 32:47 – Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі пра палітыку ў пытаннях ушанавання памяці
  • 40:07 – Матэрыял Вольгі Васільевай пра Галакост у Шклове
  • 46:47 – Былы вязень канцлагеру Маўтгаўзэн Яўген Хрол зняў фільм «Рэквіем» і паказвае яго ў школах – ягоныя ўспаміны ў размове з Настай Кахановіч. Таксама ў матэрыяле жахлівыя кадры з асабістага архіва Яўгена Хрола
  • 51:08 – Шпацыр у Берасці, прысвечаны міжнароднаму дню памяці ахвяраў Галакосту
  • 52:54 – Суляміт Леў, адна з уратаваных дзяцей, распавядае, як маці ўдалося ўратаваць яе, 2-гадовую дзяўчынку
  • 54:40 – Габрэйская абшчына зладзіла аўтобусны тур па мясцінах расстрэлаў вязняў Пінскага гета
  • 56:48 – Творы габрэйскіх кампазітараў розных пакаленняў у філармоніі Менску ў матэрыяле Аляксандры Дорскай

Сяргей Падсасонны belsat.eu