Скарбы касцёлу-замку ў Камаях

Малы аграгарадок Камаі вылучаецца сярод падобных паселішчаў перш за ўсё грозным касцёлам-замкам XVII ст. з дзвюма вежамі, які мае зберагае шмат скарбаў і шмат таямніц. Яго чашападобныя байніцы калісьці глядзелі ва ўсе бакі для кругавой абароны. Такая абарончая святыня – не ўнікальны, але рэдкі помнік архітэктуры.

Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч раскажа гісторыю касцёлу ў Камаях і пакажа яго фартыфікацыйныя асаблівасці.

А пра адну з жамчужын касцёлу – арган – раскажа арганістка Алена Даўжук. Інструмент гэты незвычайны з розных прычынаў. Паводле энцыклапедыі арганаў Беларусі Аляксандра Бурдзялёва і Анатоля Дрыбаса, усяго ў Беларусі цалкам або часткова захаваліся 123 арганы. Камайскі інструмент працуе. Ён адзін з нешматлікіх аднесеных да гістарычна-культурных каштоўнасцей. Зрабіў яго варшаўскі майстар Войцех Гадка (пам. 1934 г.) у корпусе старога аргана XVIII ст. На гэтым інструменце вучыўся граць славуты польскі арганіст Браніслаў Руткоўскі (1898–1964), нарадзінец Камаяў.

Каб граць на камайскім аргане, патрэбныя два чалавекі: арганіст, які ўласна грае, і дужы памагаты, які пампуе паветра.

Па-за касцёлам таксама ёсць вартыя ўвагі артэфакты. Напрыклад, старажытны гранітны крыж архаічнай формы з нерасшыфраванымі надпісамі.

Але ў Камаях можна знайсці нешта большае. На думку гісторыка Аляксандра Краўцэвіча, тут можна зразумець, што Вялікае Княства Літоўскае было беларускаю дзяржаваю.

«Камаі размешчаныя ў мясціне на былой балцкай тэрыторыі, якая паступова беларусізавалася ў часы Вялікага Княства Літоўскага. І гэта яшчэ адзін адказ на пытанне, чыёй дзяржавай было гэтае Вялікае Княства, – кажа Аляксандр Краўцэвіч. – У Камаях павінен пабываць кожны беларус і дзеля ўнікальнага касцёлу пачатку XVII ст., і дзеля неверагоднай прыгажосці мясціны, і дзеля людзей, якія тут жывуць. Таму што тут жыве Беларусь!»

Таксама вы даведаецеся, адкуль паходзіць назва «Камаі», як выгладаў герб «Руская Пагоня» і як звязаны лёс Казіміра Сваяка (1890–1926) з гэтым мястэчкам.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Адкуль беларускія школы ў Польшчы Пілсудскага?

Як беларусы заслужылі права на сваю дзяржаву

Канфесія, якая ўзнікла ў Беларусі

Царскія навукоўцы шукалі рускіх, а знайшлі беларусаў

Хто скасаваў ордэн імя Каліноўскага?

Аўтар эталону гербу Пагоня спачывае тут

Навошта і як збудавалі Аўгустоўскі канал

Вусная гісторыя супраць савецкай прапаганды. Праўда простых людзей