Сірыйскі гамбіт Пуціна


«Мы людзі, мы ўцякаем ад вайны, разбурэння і забойстваў. Мы ўцякаем ад «Ісламскай дзяржавы» ды зверстваў войска Башара аль-Асада», – кажа Муса Эса, які ўцёк з Сірыйскага Алепа.

Для Еўразвязу хвалі нелегальных мігрантаў, сярод якіх ёсць і ўцекачы з Сірыі, сталі выклікам не толькі ў эканамічным, але і ў пытанні бяспекі. Разам з уцекачамі ў Еўропу свабодна трапілі і некаторыя з удзельнікаў тэрарыстычных замахаў. У выніку пасля тэрактаў у Парыжы і Бруселі Еўразвяз пераключыўся з пытання легітымнасці Башара аль-Асада на больш блізкія праблемы. Пра тэрміновую адстаўку дыктатара цяпер размоваў няма.

«Думаю, я ясна выказваюся, калі кажу, што Еўразвяз прытрымліваецца агульнай пазіцыі, якую ён мае і дзеліць з астатняю міжнароднаю супольнасцю наконт неабходнасці арганізаваць палітычны пераход у Сірыі», – адзначыла кіраўніца дыпламатыі Еўразвязу Федэрыка Магерыні.

Пасля перамоваў у Маскве змякчыў пазіцыю адносна Башара аль-Асада і міністр замежных справаў Нямеччыны. А сёння Сірыя стала абʼектам перамоваў з кіраўніком Дзярждэпартаменту ЗША.«Паважаны спадар дзяржсакратар, дарагі Джон, калегі, вітаем вас у Маскве. Як мы і дамаўляліся, сёння мы прысвецім асноўную ўвагу нашаму ўзаемадзеянню на міжнароднай арэне, перадусім па сірыйскім урэгуляванні. Але абмяркуем таксама і іншыя праблемы, сітуацыю ў рэгіёне Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі. Абмяняемся і меркаванню аб тым, як міжнародная супольнасць можа паспрыяць урэгуляванню »украінскага крызісу«, – такімі словамі пачаў сустрэчу з дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў.На публіцы »Дарагі Джон« павёў сябе з Лаўровым, як са старым сябрам.

«Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што некалькі тыдняў таму было вельмі мала людзей, якія меркавалі, што прыпыніць агонь у Сірыі магчыма«, – заявіў Джон Керы.

Кепскі мір лепш за добрую вайну. І за кепскі мір на Блізкім Усходзе Злучаныя Штаты пагадзіліся даць Маскве тое, чаго там хочуць з часоў развалу Савецкага Саюзу: адчуванне сусветнага лідарства нароўні з Вашынгтонам.Сёння ж у Жэневе прайшоў апошні дзень раўнду мірных перамоваў з удзелам сірыйскай апазіцыі ды прадстаўнікоў Башара аль-Асада. Сірыйскія чыноўнікі кажуць, што тупік у перамовах быў пераадолены. Пасля трагічных падзеяў у Бруселі ў Дамаску спадзяюцца, што Еўразвяз будзе бачыць у войсках аль-Асада не забойцаў, а барацьбітоў з тэрарызмам, верне ў Сірыю свае амбасады і здыме санкцыі.