Што за праблема ў менскага ФК «Дынама» з заўзятарамі, і чаму яе няма ў «Крумкачоў»?


Цягам некалькіх дзён заўзятары футбольнага клубу «Дынама» (Менск) зноў звярнулі на сябе непрывабную ўвагу. Не ўсе, зразумела, а некаторыя асобы, збольшага мужчынскага полу. Спачатку хамілі гасцям у матчы «Дынама» – БАТЭ, а ў Ліепаі ўвогуле выбеглі на поле, змяўшы пад сабою сцюардаў, абсалютна напляваўшы на тое, што «Дынама», а дакладней, Менгарвыканкам, атрымае немалы штраф. Ды і на сам імідж беларускага футболу цярпіць.

Тым часам вярнуліся ў сваю вотчыну «Крумкачы». Менавіта на спартова-аздараўленчым комплексе «Алімпійскі» здарыўся выхад клубу ў найвышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі. Поле пакуль ненатуральнае – ад наступстваў еўразабаваў яшчэ трэба прывесці ў парадак газон, – але першы матч пасля значнага перапынку клуб, якія праз волю асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» мае магчымасць называцца ФК НФК «Крумкачы», тут правёў, згуляўшы баявую нічыю 3:3 з Рэчыцаю.

Сяргей Южык, прэс-сакратар ФК НФК:

«Такая сітуацыя, як з менскім «Дынама», у нас немагчымая, таму што ў нас няма фанацкага сектару. З самага пачатку, як толькі «Крумкачы» з’явіліся, адразу было пастаўленае пытанне, каб у нас былі проста заўзятары. А менскага «Дынама» праблемы вядомыя. Яны ўжо не раз і на заклічках няправільнага характару, скажам так, трапляліся. Проста трэба лепш весці працу з заўзятарамі. Калі ў цябе ёсць свае фанаты, то сам клуб іх павінен зарганізаваць і ўзначаліць».

А пасля таго, як каманда пераехала бліжэй да цэнтру гораду са стадыёну на вуліцы Сямашка, трыбуны зноў напоўніліся сямейнымі парамі, трыа, квартэтамі і нават квінтэтамі. Таго, што адбываецца на гэтак званым фанацкім сектары менскага «Дынама» з нецэнзурнаю лаянкай, абразамі, знявагаю, тут у прынцыпе быць не можа. Якія ж бацькі, нават вельмі разгарачаныя эмоцыямі, могуць выказваць іх у брутальнай форме, калі побач сын або дачка?

Працяг – у сюжэце.

Аляксандр Пуціла, belsat.eu

Студыя «Белсат»
Бойка фанатаў у Ліепае, БАТЭ распісвае нічыю з «Пястам»: беларускія клубы стартавалі ў Еўракубках
2019.07.12 21:03