План Лукашэнкі не адпавядае рэальнай сітуацыі. Інтэрв’ю з Аляксандрам Дабравольскім


Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Аляксандрам Дабравольскім – палітычным дарадцам Святланы Ціханоўскай, у мінулым – народным дэпутатам Савецкага Саюзу і дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусі. Таксама адным з лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У размове пра планы Лукашэнкі ды пра альтэрнатыўны ўсебеларускі сход на падставе платформы «Голас».

Аляксандр Лукашэнка збірае Усебеларускі народны сход, а пасля яго плануецца рэферэндум для магчымых зменаў у Канстытуцыю. Як перашкодзіць планам незаконнага кіраўніка Беларусі? На Вашую думку, як эксперта, як палітыка – у чым сутнасць плану-канцэпцыі Лукашэнкі на гэты год?

Я думаю, Валер Карбалевіч найлепей сказаў: «Цягнуць час». Адзінае, што яго цікавіць, – гэта ягоны інтарэс, гэта не план. Гэта можа быць зроблена з дапамогай так званага Усебеларускага народнага сходу, які з’яўляўся ўвесь час імітацыяй і такой бутафорыяй, ніякім ён народным не быў, ён быў адарваны ад народу ўвесь час. У гэта ўжо ніхто не паверыць. Калі раней не верылі, але з гэтым мірыліся, то з гэтым ніхто мірыцца цяпер не будзе. Далей – рэферэндум. Ён выдатна цяпер ведае, што ніякіх рэферэндумаў і выбараў ён цяпер выйграць не можа. Нават пры Ярмошынай, адзінае, што Ярмошына будзе сядзець у кабінеце, не лічыць, а пісаць лічбы. Але людзі ўсё роўна ў гэта не павераць, таму ў яго планы такія, якія не адпавядаюць рэальнай сітуацыі.

Так. Натуральна, што Усебеларускі ён і не ўсебеларускі, і не народны, толькі што сход. Аляксандр, штаб Святланы Ціханоўскай, Вы асабіста – што б прапанавалі беларускаму грамадству, беларусам, якія прагнуць зменаў, хочуць выбараў без Лукашэнкі? Што рабіць сёлета?

Па-першае, штаб Святланы Ціханоўскай – не адзіны суб’ект, які ўздзейнічае на сітуацыю, ёсць яшчэ людзі, структуры і, самае галоўнае, ёсць такі народны рух, які з нізоў падняўся. Гэта лакальныя ініцыятывы: дваровыя, раённыя, мікрараённыя і г. д. Усе гэтыя людзі вельмі моцна ўплываюць на сітуацыю. Нашая стратэгія заўсёды была такой: ціск, перамовы і новыя выбары. Гэта трэба працягваць. Што да таго, што рабіць з гэтым сходам, – я думаю, што ў тыя дні, калі будзе планавацца гэты сход, будзе абвешчаная масавая акцыя супраць падману. І думаю, што яны вымушаныя будуць адгарадзіцца калючым дротам, бо інакш з людзьмі яны не ўмеюць цяпер гаварыць. Па-другое, у нас планавалася ўжо даўно на аснове той платформы, якая завецца «Голас», выяўленне грамадскай думкі. Магчымасць зрабіць такую сістэму, каб сапраўды можна было выбраць прадстаўнікоў людзей, якія рэальна атрымалі дапамогу. І цяпер абвешчана такая кампанія, якая завецца «Сход». Гэта будзе магчымасць па розных акругах, якіх 328. Так нарэзана цяпер па тэрыторыі Беларусі. Кожнаму грамадзяніну паўдзельнічаць, выбраць свайго прадстаўніка, які сапраўды мог бы прадстаўляць інтарэсы гэтых людзей, а ў выніку было б такое паседжанне ўсіх гэтых прадстаўнікоў – дэлегатаў, якія б абмеркавалі самыя важныя праблемы для Беларусі. Гэта значыць – Канстытуцыя, гэта значыць – спыненне гвалту, гэта значыць – правядзенне новых выбараў. Магчыма, пра захады супрацьдзеяння ковіду, канцэпцыя нацыянальнага прымірэння – тыя пытанні, якія самі вырашаць дэлегаты. Ёсць такія прапановы, якія дэлегаты самі павінны вырашыць, і тыя пытанні, якія сапраўды хвалююць людзей. І тут будзе вялікі кантраст. Ужо цяпер можна вылучацца на гэтай платформе «Сход». Яна будзе адкрытая, празрыстая, інклюзіўная і сучасная. У адрозненне ад таго, што робіць Лукашэнка: закрытая, ад людзей адарваная, неінклюзіўная і абсалютна не сучаснае мерапрыемства.

То бок вы прапаноўваеце такі альтэрнатыўны Усебеларускі народны сход, дзе кожны беларус можа ўзяць удзел праз інтэрнэт – натуральна, праз платформу «Сход», праз платформу «Голас» – выбраць свайго прадстаўніка, і гэтыя прадстаўнікі нейкім чынам, я так разумею, віртуальна сустрэнуцца, так? Па адным з кожнай акругі – гэта значыць больш за 300, і абмяркуюць, выпрацуюць нейкую пазіцыю, нейкую прапанову. Я правільна разумею?

Так.

Гэта даволі цікава. Аляксандр, я хацеў бы ў гэтай частцы паставіць пэўную кропку. І папрасіць у Вас пракаментаваць тэму, звязаную з публікацыяй запісаў размоваў былога кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава з невядомымі двума супрацоўнікамі, падчас якіх яны абмяркоўваюць дэталі гэтак званай «замовы», то бок загаду Лукашэнкі аб планаваных магчымых забойствах шэрагу апанентаў за мяжой. Гэта вядомая справа. Цікава: вось якія пытанні ў Вас засталіся ці з’явіліся пасля азнаямлення з гэтым запісам?

Пытанне – ці праўда гэта, ці не – павінна быць вырашана экспертызай, я не магу на яго адказваць. Гледзячы на тое, што рабіў наш КДБ беларускі, я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, праўда. Больш за тое, інтэлектуальны ўзровень нашага КДБ такі, што, хутчэй за ўсё, гэтая спецслужба не здольная будзе супрацьстаяць ніводнай замежнай спецслужбе, таму што людзі абсалютна некваліфікаваныя, амаральныя. Можа быць, хтосьці лічыць, што спецслужбы павінны быць амаральныя. Я думаю, што каштоўнасці, хаця б дзяржаўныя, павінны ў гэтых людзей быць. Гэтыя людзі проста не вытрымалі б экзамену ў нармальнай краіне на тое, каб патрапіць на працу ў паліцыю. У мяне ўзнікла пытанне: чаму так позна? Таму што гэта магло б паўплываць на расследаванне забойства Паўла Шарамета ва Украіне. Гэта магло б паўплываць на тое, што некаторыя людзі маглі б раней даведацца. Я не ведаю адказаў на гэтыя пытанні, яны яшчэ павінны быць атрыманыя. Але вельмі важна, што раней ці пазней усё тое, што робіцца ў дзяржаўных структурах, становіцца вядома грамадству. Беларусь была закрытай краінай, дзе чыноўнікі, дзяржаўныя службоўцы не толькі не служылі грамадству, але рабілі ўсё ў таямніцы ад гэтага грамадства. Вось цяпер відавочна, што гэтыя таямніцы ўсё роўна знікаюць, а беспакаранасць сканчаецца.

ВІДЭА
Хто спыніць тэрарызм Лукашэнкі? Аналіз міжнародных наступстваў
2021.01.08 15:30

Так. Аляксандр, у нас міжнародная праграма, таму дазвольце трошкі закрануць міжнародны аспект гэтага запісу размовы Зайцава. Украіна цяпер пачала некаторыя дзеянні, звязаныя з гэтаю справаю. Сур’ёзна да гэтага паставіліся. Хаця ў мяне ёсць сумневы, чым гэта скончыцца. На вашую думку, як павінна зрэагаваць Нямеччына? Бо вядома, што нямецкія спецслужбы ведалі пра гэты запіс ад 2012 года, яны атрымалі да яго доступ тады, Алкаева папярэдзілі. Магчыма, гэта выратавала яго. Але, напрыклад, што з Расеяй – ці павінна Расея зрэагаваць на гэта і нейкім чынам паўплываць на падтрыманне Лукашэнкі? Умоўна кажучы, ці Крэмль зменшыць падтрыманне Лукашэнкі, ці будзе Крэмль менш падтрымліваць яшчэ больш таксічнага Лукашэнку?

Я думаю, на Крэмль гэта наўрад ці паўплывае, таму што мы ведаем, што, на жаль, расейскія спецслужбы займаліся забойствамі апанентаў за мяжой. Апошні выпадак – калі Аляксей Навальны амаль не памёр праз атручанне нават у Расеі. Гэта значыць, што наўрад ці яны зменяць сваё стаўленне да прымальнасці такіх захадаў. Але я ўпэўнены, што гэта паўплывае на расейскае грамадства, таму што, калі Крэмль дазваляе сабе такія крокі, то наўрад ці расейскае грамадства прыме, што расейскіх грамадзянаў плануецца забіваць на тэрыторыі Расеі. Я маю на ўвазе і Паўла Шарамета, які быў грамадзянінам Расеі, які ў 2012 годзе знаходзіўся ў Расеі, і Андрэя Суздальцава, які – грамадзянін Расеі, знаходзіцца на тэрыторыі Расеі. Я думаю, што яшчэ, магчыма, былі такія намеры. Вось гэта паказвае проста не толькі непісьменнасць нашых беларускіх спецслужбаў, але адсутнасць, напрыклад, магчымасці прадбачыць будучыню. Каб камусьці адпомсціць, яны рызыкуюць аўтарытэтам дзяржавы, рэпутацыяй краіны, народу і г. д. Я думаю, што расейскае грамадства ўсё ж паставіць перад сабой такое пытанне: ці можна такое дазваляць у дачыненні Расеі.

Так. Ёсць сумневы – ці КДБ узгадняе такія аперацыі з ФСБ. На маю думку, КДБ павінна ўзгадняць аперацыі на тэрыторыі ФСБ супраць расейскіх грамадзянаў. Увага – не замежнікаў. На Вашую думку, якія козыры гэтая публікацыя дае грамадству? Што беларускае грамадства зразумела ў выніку гэтае публікацыі, і якія магчымасці яна дае?

Я думаю, што беларускае грамадства ўжо ўсё зразумела і сваю волю выказала на выбарах, дзе Лукашэнка прайграў, яму было адмоўлена ў даверы і падтрыманні. Але гэта можа пераканаць яшчэ тых людзей, якія думалі: ён гарантуе нейкую стабільнасць, нейкі парадак. Калі вось такі парадак, то, я думаю, што многія людзі, у якіх ёсць сумленне, павінны зразумець: такі парадак не патрэбны нікому, у першую чаргу – ім. Бо менавіта простыя людзі, якія выпадкова могуць сказаць нейкае слова, што не спадабаецца начальству, павінны разумець: людзі, якія кіравалі краінай да таго, здольныя проста знішчыць чалавека, каб вырашыць нейкія быццам бы праблемы.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 07.01.2020

 

Стужка навінаў