Што хаваецца за арыштамі «цукровых босаў»? Эканоміка з Чалым


4 лютага Аляксандр Лукашэнка выступіў з выкрываннем дырэктараў цукровых заводаў, якіх напярэдадні арыштавалі. Прычына – махлярскія схемы, дзе нібыта бралі ўдзел кіраўнікі прадпрыемстваў. Што, на думку эканаміста Сяргея Чалага, падштурхоўвае дырэктараў заводаў да карупцыйнага заробку і як з гэтым звязаная мадэрнізацыя прадпрыемстваў – глядзіце ў чарговым выданні «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым».

Цукровыя заводы, кіраўнікоў якіх арыштавалі, у свой час прайшлі мадэрнізацыю з удзелам дзяржаўных сродкаў. Аднак, нягледзячы на ўсе захады, прадпрыемствы, за выключэннем Слуцкага заводу, застаюцца стратныя.

Галоўную прычыну Сяргей Чалы бачыць менавіта ў непрадуманай мадэрнізацыі. Яна адбываецца паводле схемы, калі дзяржава прыходзіць на прыватны завод і прапаноўвае правесці мадэрнізацыю. Ад гэткай прапановы ўладальнікам прадпрыемства адмаўляцца не выпадае. Галоўная ўмова мадэрнізацыі – тое, што грошы, якія вылучае дзяржава, трэба ўлічыць як унёсак ва ўстаўны капітал гэтага прадпрыемства. Па сутнасці, завод становіцца дзяржаўны.

Пасля мадэрнізацыі цукровыя заводы прадукуюць больш, чым трэба для ўнутранага карыстання, збыту прадукцыі ў Расею таксама няма. Выжыць прадпрыемствам дазваляе толькі дзяржаўнае падтрыманне, якое яны атрымліваюць цягам некалькіх гадоў. Адмыслова для іх на 15 % зніжаюць кошты на сыравіну, газ, на якім яны працуюць, а Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю штучна абмяжоўвае знізу кошты на прадукцыю.

«Вынікам становіцца тое, што вы – ужо не ўладальнік заводу – працуеце на стратным прадпрыемстве. Якая ў вас матывацыя? Прыбытку няма, дывідэндаў няма, нічога няма. І гэткая розніца ў коштах – вынік таго, што дзяржава спачатку праводзіць гэтую бяздумную мадэрнізацыю, а потым – з дапамогаю дзяржаўнага падтрымання і розных механізмаў стварае такія скажэнні на рынку, якімі можна скарыстацца, каб зарабіць», – тлумачыць Сяргей Чалы.

Cтаніслаў Івашкевіч і Сяргей Чалы ў студыі праграмы «Давайце разбірацца»

«Як ні красці ў гэтай сітуацыі!» – рэзюмуе журналіст Станіслаў Івашкевіч.

Умовы, спрыяльныя карупцыі, пасля мадэрнізацыі прадпрыемстваў паўтараюцца столькі разоў, што становяцца ўжо прадбачаныя.

Паводле эканаміста Чалага, галоўнае пытанне ў тым, ці карупцыя – непрадбачанае наступства непрадуманай мадэрнізацыі, ці менавіта такая мадэрнізацыя – неабходная ўмова для таго, каб паўставалі схемы карупцыйнага заробку.

Таксама ў выданні:

– Чаго чакаць ад працягу беларуска-расейскіх спрэчак аб вуглевадародах ды інтэграцыі?

– Як хутка будзе даражэць бензін?

Калаж з фота: Vasily Fedosenko/Reuters/Forum

Аналітычныя выданні праграмы «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым» выходзяць раз на месяц. Агулам праграму Станіслава Івашкевіча глядзіце кожны другі чацвер а 19.05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4 A» (ранейшая назва «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.