Што будзе з беларускім рублём і заробкамі бюджэтнікаў?


Дэвальвацыя, складанасці на прадпрыемствах, праблемы з вонкавай запазычанасцю – як доўга Лукашэнка можа пратрымацца ў такой фінансавай сітуацыі? Адказы на гэтыя выклікі – у новым выданні праграмы «Давайце разбірацца».

Беларускія прадпрыемствы запрацавалі, аднак улады не змаглі задушыць страйкі, забастоўка проста прыняла іншую форму, лічыць эканаміст Сяргей Чалы:

«Усе прадпрыемствы працуюць, як сцвярджаюць улады, у больш-менш штатным рэжыме – прынамсі, пра гэта казаў міністр прамысловасці. Але страйкі перайшлі ў форму класічнай італьянскай забастоўкі. Асабліва добра гэта відаць на прыкладзе «Белкалію». Калі фактычна адміністрацыя «Белкалію» падтрымала патрабаванні рабочых выконваць тэхніку бяспекі (…) – гэта азначае, груба кажучы, што ніякіх працоўных подзвігаў не трэба».

Праца такіх прамысловых гігантаў, як «Беларускалій», – гэта, у першую чаргу, паступленне валюты ў дзяржаўны бюджэт. Эканамічная нестабільнасць прывяла да таго, што насельніцтва ўжо чакае дэвальвацыі, аднак Нацыянальны банк трымаецца да апошняга і не запускае друкаванага станка, тлумачыць Сяргей Чалы:

«У нас слоўныя інтэрвенцыі працуюць у абсалютна процілеглым кірунку. Калі выходзіць дзяржаўная асоба і кажа, маўляў, мы не дапусцім разавай дэвальвацыі. І народ адразу: «Ага, дэвальвацыя будзе!» І вось чуем: «Мы, учапіўшыся рукамі, не будзем стрымліваць курс рубля. Ну, мабыць, гэтымі самымі сінімі пальцамі і не будзем курс рубля трымаць».

На фоне цяжкой палітычнай сітуацыі ў краіне ўлады, хутчэй за ўсё, будуць спрабаваць неяк залагодзіць бюджэтнікаў. Ці ёсць на гэта рэсурсы? Сумнеўна, лічыць эксперт:

«Бюджэтнікі ўжо далёка не галоўны прыярытэт для ўладаў, залагодзіць трэба іншых бюджэтнікаў – сілавікоў».

Але яшчэ ўсцяж ёсць пагроза санкцыяў, што пакуль уводзяць не супраць беларускай эканомікі, а супраць некаторых прадстаўнікоў уладаў. Але што адбудзецца, калі Лукашэнка абвесціць санкцыйную вайну балтыйскім краінам і сапраўды пераарыентуе транспартныя плыні з портаў Літвы? Што станецца з нафтавым манеўрам і адмоваю ад расейскага «чорнага золата»?

Глядзіце ў новым выданні праграмы «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым» са Станіславам Івашкевічам і Сяргеем Чалым.

НІ, belsat.eu