Што адбываецца з сілавікамі пасля сыходу?


Якія настроі пануюць сярод сілавікоў цяпер, праз 100 дзён пасля выбараў? Пра трывалыя і слабыя месцы гэтых структураў – у праграме «Шчыра кажучы».

Аляксандр Лукашэнка, змяніўшы міністра ўнутраных справаў, загадаў сілавікам ставіцца да мірных дэманстрантаў яшчэ больш жорстка. Зноў пачалі шырока ўжывацца спецсродкі, затрыманых збіваюць у аўтазаках і робяць фігурантамі ўжо не адміністратыўных, як раней, а крымінальных справаў.

Каля паўтысячы сілавікоў звольніліся на знак пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Часам ужо былых сілавікоў пераследуюць нават больш жорстка, чым цывільных пратэстоўцаў. Што можа пераканаць сілавы блок перайсці на бок народу?

«Гэта сілавы блок, на іх можа падзейнічаць толькі альтэрнатыўная моцная магутная арганізацыя. Не тое, што іх пойдзе хтосьці збіваць, забіваць і яшчэ штосьці. А калі яны ўбачаць, што ствараецца іншая сіла, да якой можна далучыцца, яна альтэрнатыўная, вельмі моцная і ў яе ёсць шанец перамагчы. У іншых выпадках яны будуць разумець, што іх па адным усіх проста задушаць, а ўздзеянне на супрацоўнікаў нашмат больш моцнае, чым на цывільных людзей», – дзеліцца думкамі былы старэйшы следчы СК Андрэй Астаповіч, які вымушаны быў пасля рапарту нелегальна пакінуць краіну.

Сярод тых, хто публічна заявіў пра сыход з сілавога блоку, – былы курсант Акадэміі МУС Уладзіслаў Бацян:

«Рэакцыя была не вельмі станоўчая. Прынамсі ад тых, хто пачаў пісаць адразу. Пачалі пісаць, што я здраднік. Сышоў, нікому не сказаў пра відэа. Пачалі абражаць. Але так паступілі не ўсе. Шмат хто пытаўся: як я, як маюся, ці ў парадку ўсё? […] Да падзеяў 9 жніўня або адразу пасля іх сышло досыць шмат курсавых афіцэраў і выкладчыкаў на афіцэрскіх пасадах. Пакінулі Акадэмію МУС, бо былі не згодныя з тым, што адбываецца, не хацелі ў гэтым удзельнічаць. Проста яны не выказваліся неяк гучна».

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Як следчыя органы згортваюць справы тых, хто пацярпеў падчас мірных акцыяў пратэсту.
  • Як курсантаў МУС замест параў ганяюць на 5–6 гадзінаў у поўнай экіпіроўцы, і хто праводзіць такія заняткі?
  • Які памер доўгу дзяржаве за кінутую адукацыю ў Акадэміі МУС?

Калаж з фота: Stringer / Reuters / Forum, belsat.eu

Belsat.eu