Свет Што адбылося ў Дортмундзе


Выбуховыя прылады невялікай магутнасці спрацавалі пры дарозе каля аўтобуса футбольнага клубу «Барусія» у той момант, калі чальцы каманды кіраваліся на матч адной чацвёртай фіналу Лігі чэмпіёнаў у нямецкім горадзе Дортмунд.

«Побач з аўтобусам каманды «Барусія» (Дортмунд) адбыліся тры выбухі. Разбітыя шыбы ззаду справа, адзін чалавек паранены. Хто або што выклікала выбухі, цяпер расследуецца», – адзначыла працаўніца паліцыі Карнэлья Вайгант.

Пацярпелы гулец – абаронца клубу, іспанскі легіянер Марк Бартра. Яго даставілі ў шпіталь з раненнямі рукі.

«Марка Бартру прааперавалі, у яго зламаная косць на правай руцэ. Чальцы каманды дагэтуль шакаваныя і думаюць пра Марка. Мы ўсе спадзяемся, што ён хутка ачуняе», – распавёў прадстаўнік клубу Саша Фліге.

Паліцыя разглядае тры версіі, але дэталяў следства пакуль не раскрывае. Вядома, што самаробныя прылады заклалі пры дарозе, дзе праязджаў аўтобус. Таксама каля гатэлю, дзе спынілася каманда, знайшлі падазроны прадмет.

«На гэты момант не вядома, якая сапраўдная прычына нападу. Мы мусім разгледзець кожны варыянт, і таму мабілізавалі ўсе сілы, якія падрыхтавалі на выпадак надзвычайнай сітуацыі», – адзначыў Грэгар Лянге, кіраўнік паліцыі Дортмунду.

Непадалёк гатэлю следчыя органы знайшлі цыдулку, у якой сказана пра мэтанакіраванасць замаху на футбалістаў. Аўтар узяў на сябе і адказнасць за выбухі.

Глядзіце таксама:

Матч перанеслі на дзень, а кіраўніцтва клубу «Барусія» звярнулася да сваіх заўзятараў з просьбаю размесціць у сябе замежных гасцей, што прыехалі на матч. Гульня мусіць адбыцца.

«З чыста тэхнічнага гледзішча гэта магчыма – пытанне ў тым, ці ўдасца нам ігнараваць інцыдэнт. Але што мы можам зрабіць? Гэта нашая праца. Сітуацыя між чвэрць- і паўфіналам настолькі шчыльная, што больш няма даступных дзён для гульні», – заявіў кіроўны дырэктар клубу Ганс-Ёахім Вацке.

Калі пасля выбухаў абвесцілі, што матчу не будзе з прычыны замаху на гульцоў нямецкай каманды, фанаты французскага клубу праскандавалі «Барусія» і спелі «Марсэльезу».

Ігар Віняўскі, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары