Севярынец: Сталічныя ўлады хочуць перасварыць жыхароў Сухарава


У Менску прайшлі грамадскія абмеркаванні адносна пабудовы школы і басейну на месцы пратэстанцкае царквы «Новае жыццё», што месціцца ў сталічным мікрараёне Сухарава.

Гэта ўжо другая спроба адабраць у вернікаў будынак царквы. У 2006 годзе сталічныя ўлады спрабавалі сканфіскаваць малітоўны дом, але тады прыхаджане змаглі яго калектыўна адстаяць. Гэтым разам гаворка вядзецца не проста пра канфіскацыю будынку, а пра план па ўшчыльненні забудовы ў мікрараёне. Побач плануюць пабудаваць шматпавярховікі, а ўласна на месцы царквы школу з басейнам. Па словах сустаршыні партыі Беларускія Хрысціянскія дэмакраты Паўла Севярынца такім чынам сталічныя ўлады хочуць стравіць паміж сабой вернікаў і мясцовых жыхароў.

Павел Севярынец, сустаршыня партыі БХД:

«Грамадскія слуханні прайшлі пры запоўненай залі. Уладам не ўдалося сутыкнуць паміж сабою вернікаў і жыхароў мікрараёну. Практычна ўсе прысутныя выступілі супраць гэтага плану па ўшчыльненні і знішчэнні царквы «Новае жыццё». Мы нават праводзілі галасаванне, і па выніках атрымалася, што абсалютная бальшыня людзей выступілі супраць ушчыльнення. Але ўлады не чуюць. Кажуць, каб людзі пісалі звароты, і толькі тады яны будуць рэагаваць. Мы выказалі сваё меркаванне, і гараджане падтрымалі нас і захаванне царквы. […] Мы маем намер правесці масавыя звароты грамадзянаў да чыноўнікаў. Вядзецца збор подпісаў. Мы выкарыстаем усе магчымыя законныя магчымасці для таго, каб абараніць сябе і інтарэсы грамадзянаў. […]

Гэта нейкая вакханалія. Я не магу зразумець, навошта ўладам знішчаць царкву. У выніку ж атрымліваецца, што падстаўляюць Лукашэнку, бо людзі абураныя. А па-другое, гаворка ідзе пра вялікія грошы, бо тут плануюць пабудаваць шматпавярховыя дамы. Відаць, есць нейкія адкаты і асабісты інтарэс нейкіх чыноўнікаў, якія ідуць насуперак інтарэсам і меркаванням грамадзянаў».

belsat.eu