Саша-Беларус. Як наш зямляк бліснуў перад дэпутатам у Грэцыі

Аляксандр Федуковіч – студэнт багаслоўскай кафедры Універсітэту Арыстотэля ў Тэсалёніках. А па сумяшчэнні – гід па святых месцах Грэцыі.

Саша вывучае тэалогію ўжо сем год і рыхтуецца стаць багасловам. Сам ён родам з Мёраў. Прыйшоў да веры вельмі рана – пад уплывам бабулі, якая штодня перад сном чытала яму «Ойча наш». У восьмым класе ўжо ведаў, што хоча паступаць у Менскую духоўную семінарыю.

«Гады, праведзеныя ў семінарыі, – самы залаты для мяне час», – гаворыць Аляксандр.

На пачатку 4-га курсу абіралі студэнтаў, каб накіраваць у Грэцыю атрымліваць багаслоўскую адукацыю. Аляксандр спачатку адмовіўся, а пасля ўсё ж такі вырашыў паспрабаваць. Каб працягваць навучанне ў Грэцыі, патрэбная праца. Гэтак ён пачаў вадзіць экскурсіі па святых месцах. Дарэчы, турысты гэтак і называюць яго: Саша-Беларус.

Паводле Аляксандра, яму не раз даводзілася чуць, што ён нарадзіўся ў кашулі. І вось адна з гісторыяў, якую ён распавёў у якасці доказу:

«А трэцяй уначы мне паведамілі, што трэба ехаць сустракаць нейкага дэпутата. [Пасадзіўшы яго ў аўтамабіль – рэд.], я пачаў распавядаць гісторыю, захапіўся працэсам і ў гэты момант разумею, што машына перастае цягнуць. Ну і кажу: не перажывайце, у нас проста скончылася паліва. Святар, які сядзеў побач, пачаў хрысціцца. Я кажу: бацюшка, не перажывайце, запраўка праз кіламетр (мы тым больш ехалі з горкі) – дакоцімся. Тут матор глухне… Дэпутат пасля штурхаў мне машыну. Начальства пагражала мяне чвартаваць. Але калі даехалі, на вачах майго шэфа мне далі чаявыя і папрасілі, каб я суправаджаў іх падчас экскурсіі на Афон».

Герой сюжэту кажа, што ў мясцовых праваслаўных цэрквах усё – менш строга, чым у Беларусі:

«У Грэцыі на Вялікдзень бывае феерверк. Прыходзяць жаўнеры, страляюць у паветра. Бачыў відэа, дзе – на Крыце, па-мойму, – сам святар (яму далі стрэльбу) крычаў “Хрыстос уваскрэс!” і страляў у паветра», – пасміхаецца Аляксандр.

Ці быць святаром, наш суразмоўца пакуль не вызначыўся: «Калі Госпад пакліча чарговы раз, я не буду адмаўляцца і прыму сан».

Пакуль жа ён знаходзіцца на самаізаляцыі: у сувязі з эпідэміяй каронавіруса ўсе навучальныя ўстановы ў Грэцыі зачыненыя, а разам з імі – і студэнцкія інтэрнаты. «Я ў сваёй дзяўчыны спыніўся», – тлумачыць Аляксандр. Вялікдзень ён сустракаў онлайн: у храме, з якога ішла трансляцыя, было ўсяго некалькі клірыкаў і псаломшчыкаў.

Як жыве ў Тэсалёніках беларуская дыяспара, глядзіце ў першым сюжэце праграмы «Беларускі свет» (відэа ў пачатку артыкула).

Таксама ў выданні:

  • Вялікдзень у Польшчы. Інтэрв’ю з доктарам праваслаўнай тэалогіі, айцом Андрэем Кузьмой.
  • Беларуска Юлія, з адукацыі выкладчыца англійскай і турэцкай моваў, прыняла мусульманства, пераехала ў турэцкую Анталью і стала адной з самых вядомых візажыстак.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

«Беларусы імкнуцца без гвалту скінуць дыктатара»

«У Ізраілі памятаюць гісторыю Галакосту, калі таксама зачынялі людзей, збівалі і забівалі»

«І толькі вам выбіраць, на чыім баку змагацца»

Аўтарка фільму пра беларускую хуткую даслала ў Менск пасылку з Берліну

Уцёк з Беларусі за 24 гадзіны, змяніў 3 прафесіі. Гісторыя эмігранта ў Барсэлоне

Беларус мае атрымліваць мінімум 1770 еўра!

Грэцкі дыджэй адкрыў 226-гадовую гісторыю свайго роду

Беларуска з Іспаніі: падчас эпідэміі працягваю працаваць