Сапраўдны маштаб другой хвалі каронавіруса ў Беларусі


Як праходзіць новая хваля пандэміі? Ці дастаткова месцаў у шпіталях? Ці дапамагае калектыўны імунітэт? Як ізноў хаваюць статыстыку? Ці ўратуе беларусаў расейская вакцына? Пра гэта – у праграме «Шчыра кажучы».

Пра тое, што другая хваля пандэміі і ў Беларусі шырэйшая за першую, сведчыць шэраг захадаў. Па-першае, увядзенне масачнага рэжыму па ўсёй краіне. Па-другое, у першую хвалю нават афіцыйная статыстыка давала менш за тысячу новых выпадкаў, а цяпер іх болей за паўтары тысячы. Па-трэцяе, гэта перапрафіляванне шмат якіх клінік пад інфекцыйныя. Планавыя аперацыі цяпер, як і падчас першай хвалі, у такіх шпіталях адмененыя.

«Калі б мне заўтра сказалі надзяваць маску, касцюм і ісці да хворых на COVID-19, я б пайшоў. Натуральна, калі не стае інфекцыяністаў, а гэта кажа пра знясіленне рэсурсаў інфекцыйных клінік, ідзе перапрафіляванне іншых клінік у ковідныя, натуральна, іншыя спецыялісты пачынаюць актыўна вывучаць гэтую праблему, яна не такая складаная, каб не даць рады», – кажа былы дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак, звольнены на фоне пратэстаў медыкаў супраць гвалту.

Што датычыць колькасці захворванняў, то ўлады нядаўна прызналі, што яна магла скласці паўтара мільёна чалавек. Крыху больш – два мільёны беларусаў – дзеля стварэння імуннай праслойкі ўлады разлічваюць ахапіць расейскаю вакцынай у 2021 годзе, але яе выпрабаванні яшчэ не скончыліся.

«Я б не рэкамендаваў яе ўжываць, бо любыя лекі, любая вакцына мусіць праходзіць кантроль якасці, усе сертыфікаты. Гэта не пара месяцаў, гэта некалькі гадоў, да пяці гадоў. І толькі тады запускаюцца. Доследы на жывёлінах, на людзях. У расейскай вакцыны нічога з гэтага няма, няма звестак пра суправаджальныя эфекты, як уплывае ў будучыні на арганізм. Наагул пуста, гэта нейкі кактэйль невядомасці», – мяркуе лекар хуткай дапамогі Аляксандр Вашчула.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Інсайдарская інфармацыя пра сапраўдны лік памерлых ад COVID-19 у менскіх шпіталях.
  • Да чаго прывядуць масавыя звальненні медыкаў у час барацьбы з каронавірусам?
  • Дзе грамадскія ініцыятывы, якія дапамагалі медыкам падчас першай хвалі каронавіруса?

Калаж з фота: Hendrik Schmidt / Reuters / Forum

Belsat.eu