Гарачы каментар Самагубства на Гомельшчыне. «Маладую маці з асаблівасцямі развіцця сацапека прымушала працаваць»


Візіты «правяраючых органаў» з пагрозамі забраць дзяцей падштурхнулі да самагубства маладую маці на Гомельшчыне. Бацькі не былі ні алкаголікамі, ні злачынцамі. Што адбылося: трагічнае непаразуменне ці вынік сістэматычнага самаўпраўства? Высвятляў Аляксандр Папко.

Вёска Буда на Гомельшчыне. На гэтым дрэве ля ўласнай хаты павесілася 32-гадовая Вольга. Сіротамі засталіся трое хлопчыкаў васьмі, сямі ды трох гадоў. Раённая камісія адзначыла, што дзеці – у сацыяльна небяспечным становішчы. Сям’ю штотыдзень наведвалі праверкі з сельсавету, пажарных службаў ды міліцыі – кажуць суседзі. Пры гэтым ані алкаголікамі, ані злачынцамі Вольга і ейны муж Ігар не былі. Дзе мяжа паміж дапамогай ды псіхалагічным ціскам? Пакуль Следчы камітэт высвятляе прычыны самагубства Вольгі, сястры загінулай ужо патэлефанаваў старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў. Ён заявіў, што распавёўшы журналістам пра смерць сястры, жанчына ачарніла раён.

Наталля Янушкевіч, грамадзянская ініцыятыва «Недзіцячая справа»:

«Наколькі я зразумела наконт гэтай сям’і, асноўным крытэрыем там была прэтэнзія да малазабяспечанасці, старое жыллё супрацоўніки мясцовае сацыяльнае службы палічылі не адпаведным сацыяльным нормам. Пастанаўленне працягвае нас трымаць у рамках, калі нейкі канкрэтны чалавек, па сваіх мерках вырашае – добрыя ўмовы сямʼі ці не. Чыста ці брудна. І акрамя таго тут ёсць водгалас дэкрэту пра дармаедаў. Чаму маці, у каторай маленькія дзеці, у якой ёсць асаблівасці развіцця, прымушалі працаваць насільна па сутнасці. Тут быў канкрэтны псіхалагічны ціск. […]

Кожны чалавек мае права на недатыкальнасць жылля, неўмяшальніцтва ў асабістае жыццё. Ёсць толькі асобныя сітуацыі, калі гэта права можа быць парушанае. У дадзенай сітуацыі, калі браць інтарэсы дзяцей, калі няма фактаў, што дзеці знаходзяцца ў пагражаючай жыццю сітуацыі, бацькі могуць нават не ўпускаць камісію ў свой дом. Бацькі, упускаючы камісію, павіныя дакладна паказаць, што гаспадары ў доме – яны. Таму тыя, хто прыйшоў у дом, будуць глядзець толькі тое, што пакажуць ім гаспадары…»

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары