Сакрэтнае фота Лукашэнкі. NEXTA на «Белсаце»


Яшчэ ўчора ўсіх пад нож, а ўжо сёння – і Русага, і Зайца – кіраваць Магілёўскай вобласцю. Што гэта – рай ці пекла? Куды адпраўляюцца беларускія чыноўнікі пасля галаваадрывальных разносаў Лукашэнкі? Пра асаблівасці ўваскрашэння па-беларуску – у суб’ектыўным аглядзе галоўных падзеў тыдня.

Беларусы могуць не хадзіць у кіно. Захапляльныя трылеры можна глядзець хоць кожны дзень у навінах. Галівудскія сцэнарысты ніколі б не прыдумалі такіх сюжэтаў, якія штодня падкідае кіраўнік Беларусі.

Замест крывавай расправы ў серыяле, што ўжо 25 гадоў ідзе ў нашай краіне, нечаканы паварот – Леаніда Зайца замест турэмнай камеры ўладкавалі старшынём Магілёўскага аблвыканкаму, а Міхаіл Русы стаў памочнікам кіраўніка краіны ды інспектар па Магілёўскай вобласці:

«Гэта – загад: вы ўдвух едзеце ў Магілёўскую вобласць, зробіце там жалезны парадак», – абвесціў Лукашэнка. – Цягам месяца, калі вам трэба, перавесці Магілёўшчыну на ваенны стан, як цяпер у Купалаўскім, пераводзьце!».

У ранейшых серыях была стабільнасць, у нядаўніх – брудныя разборкі, у наступных прадбачыцца вайна на Магілёўшчыне.

Задача Зайца і Русага – даказаць, што яны «тэхналагічныя» і «сапраўдныя мужыкі».

Сапраўдным мужыкам без вайны ніяк. Праўда, ваяваць ім даводзіцца ў кароўніках. Гэтак, працаўнікоў Валожынскага райвыканкаму адправілі на сельгаспрацы. Райвыканкамаўцы да гэтага прызвычаеныя: увосень яны выязджаюць на бульбу або кукурузу, але на гэтым тыдні ўпершыню іх накіравалі чысціць кароўнікі. На шчасце, з поля бою ўсе вярнуліся цэлыя.

Жартаваць на гэтыя тэмы чыноўнікі, аднак, не любяць. Гэтак, праз карыкатуру Міністэрства інфармацыі адклікала з шапікаў нумар «БелГазета». Але знаходлівыя журналісты выдання ex-press.by знайшлі выйсце: каб і карова справіла патрэбу, і Лукашэнка не круціў носам:

Карова ў падгузніку. Ілюстрацыя – «Ex-press.by»

Відэасюжэт Вольгі Старасцінай выйшаў у поўным выданні «Субʼектыву» за 5 красавіка