Ручное кіраванне эканомікаю сілавікамі


Прыблізна месяц Беларусь функцыянуе ва ўмовах, калі першую скрыпку і ў эканамічных рашэннях граюць сілавікі. У праграме «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым» падводзім вынікі такой гібрыднай палітыкі розных дзяржаўных сфераў.

Праект бюджэту налета дасюль не ўнесены ў Палату прадстаўнікоў, хаця да закрыцця сесіі засталося літаральна некалькі дзён. А гэта азначае, што зноў у экстраным рэжыме, не чытаючы нічога, гэта ўсё будзе прымацца ў некалькіх чытаннях, лічыць эканаміст Сяргей Чалы і дадае:

«Афіцыйна заданне гучыць так, каб дэфіцыт бюджэту на наступны год ненашмат перавысіў 3 % ВУП. А гэта акурат вельмі шмат. […] Літаральна нядаўна з’явіліся свежыя звесткі аб працы эканомікі рэальнага сектару за 9 месяцаў – 3 кварталы. Зрабілі справаздачу буйныя і сярэднія прадпрыемствы, і там звесткі па рэгіёнах. Нічога станоўчага не відаць. Чысты прыбытак у эканоміцы буйным, сярэднім прадпрыемствам зваліўся больш як утрая. Доля стратных прадпрыемстваў у цэлым у эканоміцы вырасла за год, іх там цяпер амаль 18 %. Чыстая страта вырасла амаль у 7 разоў».

Больш за тое, не так даўно прынялі ўказ Лукашэнкі № 444, паводле якога зʼявіўся новы інстытут спецыяльных упаўнаважаных прэзідэнта па асобных вобласцях, у якім, дарэчы, значны адсотак складаюць сілавікі.

«За Віцебск адказвае старшыня КДБ Іван Церцель, за Берасцейшчыну – дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Валерый Вакульчык. Ім цяпер даюцца дадатковыя паўнамоцтвы, каб яны маглі прысутнічаць на пасяджэннях адмысловых органаў кіравання гаспадарчых грамадаў. Прычым не проста прысутнічаць, але даваць ацэнку і ўносіць прапановы. Але ж мы разумеем, што калі да цябе прыходзіць кіраўнік КДБ і выказвае прапанову, то гэта фактычна загад», – заўважае эканаміст Сяргей Чалы.

Атрымліваецца, што прысылаюць чалавека з пісталетам у розныя фірмы, які будзе проста сачыць, ці не назапасілася зашмат грошай, і рашаць, куды іх скіраваць. І гэта акрамя ўсіх падаткаў. Так рабілі бальшавікі ў 1917 годзе ці рэкеціры ў 1990-ыя.

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым»:

  • Чаму не будзе зніжкі на газ?
  • Пагрозы санкцыямі Захаду – рэальная пагроза?
  • Чаму SWIFT для беларускіх банкаў не панацэя?

Калаж з фота: Vyacheslav Prokofyev / TASS / Forum, belsat.eu

Belsat.eu