«Рэтра-зоркі»: Ліям Галагер, «The Rolling Stones», Джаан Осбарн


Летась здзіўленне ахапіла тых, хто сачыў за Нобэлеўскай прэміяй па літаратуры. Яе атрымаў амерыканскі бард Боб Дылан.

Зорка 1990-х Джаан Осбарн цяпер запісала цэлы альбом з ягонымі спевамі. Адзін з братоў Гэлахераў – Ліям – нядаўна выдаў новы альбом, а неўміручыя «Роўлінгі» – нястомна канцэртуюць па свеце.

Толькі ў верасні і кастрычніку «Роўлінгі» зыгралі 14 канцэртаў у 12-ці розных краін Еўропы. Дзяды ўжо на восьмым дзясятку, але, здаецца, не збіраюцца на пенсію. У лістападзе ў свет выйдзе альбом з дагэтуль невядомымі спевамі «Роўлінгаў», якія ў 1960-я гады запісала «BBC». Кажуць, што налета каманда, магчыма, выдасць і студыйны альбом з новымі спевамі.

Толькі што ў Лондане адбылося ўручэння прызоў ад часопісу «Q». Ліям Галагер, які пастанавіў выступаць сольна, (гурт «Oasis» спыніў існаванне ў 2009-м, гурт «Beady Eye» ён распусціў летась), атрымаў аж 2 прызы: «найлепшы артыст, які выступае жыўцом», а таксама «Ікона пакаленняў». Яму ўсяго 45, але на сцэне ён ужо цягам 26 гадоў. Ягоны брат Ноэль выдае свой новы альбом у лістападзе, а Ліям ужо выдаў сольнік з назваю «As you were» напачатак кастрычніка. Так што фаны гурта «Oasis» атрымаюць адразу 2 кружэлкі замест адной.

Зорка 1990-х Джаан Осбарн спявае песні Боба Дылана.

«Шмат хто лічыць, што Боб Дылан выконваў палітычныя песні, якія былі актуальнымі ў 1960-я – 1970-я гады. Не, гэта не так. Большасць ягоных спеваў – універсальныя! Яны гучаць актуальна і цяпер! Я хацела паказаць розныя бакі майстра: лірычны, рацыянальны, радыкальны», – кажа Джаан Осбарн.

Больш – у відэа вышэй.

Сяргей Філімонаў, belsat.eu