Асабісты капітал Расейскі шэры імпарт знішчае беларускія рынкі



Рынкавы гандаль памірае на вачах. Раней на Салігорскім рынку прадпрымальнікі біліся за месцы, цяпер проста кідаюць іх пустымі. На адзін працоўны павільён – дзесяць, дваццаць пустых месцаў ці закрытых боксаў. Некаторыя бізнесоўцы яшчэ спрабуюць прадаць павільёны – але памяшканні нікому не патрэбныя.

«Людзі пазачыняліся і павывазілі павільёны, каб не плаціць арэнду. Бо арэнда шалёная. І штодня лічы вывозяць, вывозяць і вывозяць», – распавядае індывідуальная прадпрымальніца Таццяна Кучынская.

Абсталяваць ралетную кабіну раней каштавала дзве з паловай тысячы долараў. Цяпер дзясяткі павільёнаў стаяць закінутыя – займай хто хоча. Арэнда места каштуе 88 рублёў на месяц, але ахвочых арандаваць няма. Бо пакупнікоў мала, і з’яўляюцца яны толькі ў выходныя дні.

«Я год назад спрабавала прадаць свой павільён. За бясцэнак. Дык нават ніхто не спытаў кошт», – кажа індывідуальная прадпрымальніца Людміла Пушко.

Людміла гандлюе жаночым адзеннем беларускай вытворчасці. Толькі ў абсталяванне аднаго павільёну яна ўклала калісьці 15 тысяч долараў, а колькі ў адзенне – не злічыць. Кінуць павільён шкада, а захоўваць няма дзе. Гэтак і працуе, паводле інерцыі.

З таго, што нагандлюе, штомесяц трэба сплаціць 129 рублёў арэнды, 76 рублёў падатку, плюс камуналку. За месяц спадарыня Людміла прадае ў сярэднім трыццаць рэчаў. Год таму было ўдвая больш. Але ў снежні 2017-га продажы рэзка скараціліся. Эканомны пакупнік перайшоў да гандляроў з Азіі, якія дэмпінгуюць.

Шмат якія рынкавыя прадпрымальнікі дапрацоўваюць апошнія месяцы. Бо новы год для іх абяцае быць яшчэ цяжэйшым. Уводзяцца ідэнтыфікацыйныя маркі на асобныя тавары. Выканаць новай нормы шмат хто не здолее, бо нашым прадпрымальнікам такіх дакументаў не даюць гуртовыя гандляры.

«Прыязджаюць на маскоўскія аптовыя рынкі, набываюць тавар оптам, ім не даюць суправаджальныя дакументы.Вось як у нас былі праблемы з гэтымі суправаджальнымі дакументамі. Ну і ёсць асцярогі, што тая ж сітуацыя будзе адбывацца з ідэнтыфікацыйнымі знакамі», – кажа прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук.

Прадпрымальнікі не могуць уплываць на шэры імпарт Расеі. А вось падставаў трапіць на штраф або санкцыі на тавар падчас праверкі становіцца на адну больш. Не вырашаная праблема і з анлайн-чэкамі, якіх расіяне не заўсёды даюць, а мець іх беларусам трэба.

«Прадпрымальніцкая супольнасць спадзяецца, што нашы органы разумеюць гэтую сітуацыю і колькасць праверак будзе адпаведным чынам змяншацца», – лічыць Вячаслаў.

У Беларусі штогод павялічваецца колькасць сучасных гандлёвых цэнтраў і прысутнасць крамаў вядомых брэндаў. Таму платаздольныя пакупнікі з рынкаў сыходзяць туды, дзе прыгожа, цёпла і ўтульна. Сёлета ў Беларусі дадалося 17 гандлёвых цэнтраў – агулам іх цяпер амаль 600. А вось рынкаў стала на тры менш. Цяпер іх 386 на ўсю Беларусь.

Гандлёвыя цэнтры зацікаўленыя ў павелічэнні трафіку. Дзеля гэтага яшчэ на стадыі будаўніцтва прадумваюць і размяшчэнне крамаў, і святло, і тэмпературу памяшкання. А маркетолагі ўжо прыдумляюць, чым завабіць да сябе пакупніка.

«Напрыклад, кірмашы рамеснікаў, актыўнасці для дзетак, дзіцячыя спектаклі і забавы, майстар-класы, нейкія лекцыі цікавых спікераў, якія былі б карысныя», – прыводзіць прыклад Кацярына Вяраскіна, кіраўніца аддзелу маркетынгу і рэкламы ГЦ «Галерэя Менск».

Супрацьстаяць такому маркетынгу рынкі і дробныя прадпрымальнікі ніколі не змогуць. Таму ім застаецца карыстацца толькі адной перавагай – індывідуальны падыход да кожнага пакупніка. Але выглядае, што рынкі проста паступова знікнуць з мапы Беларусі.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Набывайце свініну, пакуль можаце
  • Сустракаў Новы год з даішнікамі на пустой дарозе
  • Не чакайце, цудаў ня будзе. Рабіце іх самі

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары