Ці Беларусь можа стаць плацдармам наступу на заходнія дзяржавы? Гэта галоўная тэма «Прасвету» з Алінаю Коўшык. Больш пра тое што мы распавядзем сёння.
Найбольшы выклік у сферы бяспекі з часоў халоднай вайны. Гэтак дзеянні Расеі назваў кіраўнік Генштабу Вялікай Брытаніі Нік Картэр. Генерал выступіў з рэзкай прамовай – зусім не ў стылі вядомай брытанскай стрыманасці. Картэр заклікае рыхтавацца да супрацьстаяння з Масквой. Якое месца ў гэтым канфлікце зойме Беларусь і якую ролю грае Кітай у бяспецы нашай краіны? Вольга Жарнасек.
Як успрымаюць Беларусь у расейскім генштабе і ці нашая краіна можа стаць плацдармам для расейскага наступу на Захад? Інтэрв’ю з Аннай Марыяй Дынер, даследчыцай з Польскага Інстытуту Міжнародных Справаў, якая вывучае праблемы палітыкі і бяспекі Беларусі і Расеі.
«Стварыць сумесную будучыню ў раздробленым свеце» – такая мэта ў сорак восьмага эканамічнага форуму ў швейцарскім Давосе. Праблемы глабальнай эканомікі і будучыня глабалізацыі. Што чакае сусветную эканоміку і якую ролю ў ёй будзе граць абʼяднаная Еўропа. Сустрэча ў Давосе замяняе дзясяткі самітаў і канферэнцыяў, паколькі яднае ня толькі каля сямі дзясяткаў палітычных лідараў свету, але і прадстаўнікі самых уплывовых міжнародных арганізацыяў і бізнес-стуктураў. Беларускага прадстаўніцтва на гэтай пляцоўцы зноў няма. Падрабязней, Усевалад Шлыкаў.
21-гадовая валанцёрка праваабарончага цэнтра «Вясна-96» трапіла ў топ-30 перспектыўных людзей Еўропы да 30 год па версіі часопіса Forbes. А сталася гэта магчымым між іншага дзякуючы артыкулу наша калегі Ірыны Арахоўскай для «Белсату». Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Анісіяй Казлюк.
Вайна ў Сірыі разгарэлася з новай сілай. На поўначы краіны Турцыя ўвяла войскі на тэрыторыі, кантраляваныя курдамі. Ідуць гарачыя баі, бакі заяўляюць пра сотні забітых праціўнікаў, тысячы курдаў уцякаюць ці хаваюцца ад бомбаў. Падрабязнасці распавядзе Яраслаў Сцешык.