Рабочыя паказалі палату Лукашэнкі плошчай 100 кв. м. NEXTA на Белсаце


Палата Аляксандра Лукашэнкі ў Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры Упраўлення справамі кіраўніка дзяржавы. Фота з Тэлеграм-каналу «Nexta»

Асабістая палата кіраўніка Беларусі – сапраўдны палац. Больш за 100 квадратных метраў, тры пакоі, гардэробная, купальня, прыбіральня і двухспальны ложак. Больш падрабязна – у фельетоне Вольгі Старасцінай.

Высока сядзіць – далёка глядзіць кіраўнік нашай краіны. Аднак таго, што блізка, не надта бачыць, але хавае гэта. Акуляры часта ляжаць ля Аляксандра Лукашэнкі, ён нават іх надзяваў падчас прэс-канферэнцыі, але, каб не паказваць, што Лукашэнка – недальнабачлівы, гэтыя кадры дзяржаўныя медыі выразалі.

«Я прачытаў даклад і вярнуў яго прэм’ер-міністру. Вы мне больш не пішыце гэтыя справаздачы. Вы проста губляеце час. Патрэбныя два радкі», – заявіў Лукашэнка.

Матэрыял Вольгі Старасцінай глядзіце ў поўным выданні суб’ектыўных навінаў тыдня

Ці значыць гэта, што цяпер у два радкі будуць выдаваць і кніжкі, і артыкулы ў газетах – каб Лукашэнка асіліў? Мы, напрыклад, папрасілі жыхароў Бабруйску, апісаць двума радкамі вынікі кіравання Лукашэнкі.

І вось што сказалі людзі:

«Адсутнасць выніку. Трэба ўсё рабіць своечасова. Смеласці набірацца і своечасова сыходзіць».

«Вытворчасці моцна не разганяюцца. Заробкаў занадта вялікіх няма».

«Рост коштаў. Дэнамінацыя».

Аднак можна не хвалявацца: са здароўем кіраўніка краіны ўсё будзе добра. Бо не проста добры, а звышдобры медычны цэнтр для дзяржаўных чыноўнікаў пабудавалі ў Ждановічах, а ў ім – за браняванымі дзвярыма – палату для Лукашэнкі. Ні вас, ні нас туды не дапусцяць, але будаўнікі падзяліліся з блогерам Сцяпанам Святловым фотаздымкамі. ВІП-палата – палац: больш за 100 квадратных метраў, тры пакоі, гардэробная, купальня і прыбіральня, залатая не колерам, але коштам сантэхніка, два сталы для паседжанняў, каб народ думаў, што кіраўнік на працоўным месцы, і пакой з двухспальным ложкам.

Ілюстрацыйнае фота – president.gov.by

Аднаму хвораму двухспальны, а іншым – спальнае месца ў праходзе, у найлепшым выпадку. А гэтак пацыентку з пераломам таза на брызентавых насілках у кампаніі яшчэ 5-ці пацыентаў перавозяць з дзяржынскай больніцы ў абласную і назад, бо ў дзяржынскай няма апарата камп’ютарнай тамаграфіі.

У Барысаве не тое што ў шпіталь трапіць, а нават каб на прыём да доктара запісацца, людзі займаюць чаргу а 4:30.

Але навошта нам медыцына, калі ў нас ёсць спорт? Гэтак для хуткай дапамогі на дарогах няма адмысловай паласы, затое такая з’явіцца для аўтаў, якія будуць абслугоўваць Еўрапейскія гульні. А калі нехта праедзецца па ёй – атрымае штраф. Паводле дэкрэту Лукашэнкі, яшчэ большае пакаранне пагражае таму, хто ў дні гульняў запусціць дрон ці захоча зладзіць акцыю пратэсту. Гульні ад беларусаў будуць абараняць сілавікі з усёй краіны на чале з міністрам Шуневічам, які даказаў сілу свайго ведамства, абараняючы скульптуру гарадавога.

Хто беларусаў абароніць, ні ў гэтым дэкрэце, ні ў іншых – не ўдакладняюць.

Вольга Старасціна