Размова Пяць соцень магільных ямінаў і зніклыя парэшткі. Хто і навошта раскапаў курапацкія магілы?


Даследнік эпохі вялікага тэрору, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў разам са Святланай Калінкінай і Усеваладам Сцебуракам у эфіры «Размовы ProContra» разважае, чаму беларускі катынскі спіс сёння гэтак важны для Курапатаў і ўсёй Беларусі.

13 красавіка згадваюць ахвяраў масавых расстрэлаў польскіх грамадзянаў у Катыні ў 1940 годзе. Свае катынскія спісы расстраляных Польшчы падалі Украіна і Расея, а беларускія сілавікі дагэтуль настойваюць, што ў нас няма катынскіх ахвяраў. Гісторык Ігар Кузняцоў упэўнены, што беларускі катынскі спіс не можа не існаваць, і гэты дакумент праліе свет на агромністы пласт гісторыі, які ўлады імкнуцца схаваць.

«Курапаты сёння – гэта тэрыторыя прыкладна 18–28 гектараў (бо межы мяняюцца). Гэта знойдзеныя падчас эксгумацыі, вывучэння Курапатаў у 1988 годзе прыкладна 510 магільных западзінаў. Пры гэтым я б хацеў сказаць так: эксгумавалася падчас першага следства толькі восем пахаванняў. Другое расследаванне вайсковай пракуратуры – толькі 15. Уявіце, з 510 магільных западзінаў рэальна вывучана толькі 6 %. Высновы абодвух следстваў – пахаванні былі раскапаныя раней. То бок колькасць парэшткаў там не адпавядае, і высветліць фізічна, колькі там застаецца парэшткаў, не магчыма. Таму, калі называецца лічба 7 тысячаў, 30 тысячаў, 250, 300 тысяч – гэта ўсё выключна матэматычныя вылічэнні. Мы можам казаць толькі пра нейкія сярэднія лічбы. Сярэдняя лічба, згодна з маімі падлікамі, рэальная абсалютна, – не менш за 95–100 тысяч», – выказаўся Ігар Кузняцоў.

Пра злачынствы, якія не маюць тэрміну даўніны, і тых, хто мусіць адказваць за іх сёння, – «Размова ProContra» са Святланай Калінкінай, Усеваладам Сцебуракам і гісторыкам Ігарам Кузняцовым.

Глядзі таксама
Каментары