Пуцін і Керы «прадметна і канкрэтна» пагаварылі


«Вы столькі ездзіце, што мы не паспяваем прасачыць за вашымі перамяшчэннямі. Вам трэба выспацца, відавочна», – заўважыў Уладзімір Пуцін.

Невядома, ці ацаніў Керы гумар расейскага прэзідэнта, але вядома, што ЗША гатовыя супрацоўнічаць з Масквой у развязанні сірыйскага крызісу.

«Венскія дамоўленасці сталі добрым пачаткам для ўрэгулявання сітуацыі ў Сірыі. З міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым мы пагадзіліся, што Злучаныя Штаты і Расея ў стане зрабіць шмат, каб прасунуцца наперад па гэтым пытанні», – адзначыў дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы.

Сірыйскае пытанне здамінавала як гэтыя трохгадзінныя перамовы Пуціна і Керы, гэтак і ранейшую сустрэчу дзяржсакратара ЗША з ягоным расейскім калегам. Сяргей Лаўроў назваў яе «канкрэтнай і прадметнай» – абедзве краіны дамовіліся пра супольную барацьбу з гэтак званай «Ісламскай дзяржавай». Што праўда, акурат з гэтым у Расеі не заўсёды выходзіць – пра гэта ўжо казаў Джон Керы.

«Я ясна даў зразумець: мы занепакоеныя, што некаторыя авіяўдары Расеі патрапілі ва ўмераную апазіцыю, а не ў баевікоў «Ісламскай дзяржавы». Прэзідэнт Пуцін прыняў гэтыя звесткі да ўвагі», – заявіў Джон Керы.

Зрэшты, размаўляць бакі вырашылі зусім не пра спрэчкі: Керы хоць і не бачыць будучыню Сірыі пад кіраўніцтвам Асада – у адрозненне ад Расеі, але важнейшым лічыць мірнае развязанне крызісу. Абмеркавалі ў Маскве і Украіну – Лаўроў запэўніў, што Расея зробіць усё, каб менскія пагадненні выконваліся.

«І Расея, і Злучаныя Штаты ў развіцці тых дамоўленасцяў, якія былі ў прынцыповым плане дасягнутыя паміж Пуціным і Оўбамам, пацвярджаюць сваю падтрымку Менскіх дамоўленасцяў, нармандскага фармату і будуць выкарыстоўваць свае магчымасці, каб дамагчыся поўнага выканання Менскіх пагадненняў», – падсумаваў кіраўнік Расеі Сяргей Лаўроў.

Вырашаць сірыйскае пытанне і барацьбу з гэтак званай «Ісламскай дзяржавай» будуць на міжнароднай канферэнцыі ў пятніцу ў Нью-Ёрку. Але ўжо сёння стала вядома, што Францыя ўпершыню ўдарыла крылатымі ракетамі па пазіцыях джыхадыстаў у Іраку, а Нямеччына прыняла ўдзел у паветранай аперацыі ў Сірыі.