Псіхатып беларуса: які ён?


«Паміраць збірайся, а жыта сей. А калі што якое – хавайся ў бульбу» – у гэтых дзвюх показках калісьці мы з Вінцуком Вячоркам вызначылі квінтэсенцыю ментальнасці беларуса. Але колькі нас – столькі і меркаванняў… Якія мы – млявыя, абыякавыя да жыцця, памяркоўныя аж да бесхрыбетнасці ці адважныя, сціплыя і працавітыя, як героі Караткевіча? Чым адметны беларускі менталітэт, і ці ёсць ён – сапраўдны псіхатып беларуса? Беларускую душу шукалі Гарэцкі, Караткевіч, Купала, Канчэўскі – пашукаем сёння і мы. Пра слынную млявасць, пра ўладу над намі стэрэатыпаў паразважаем з доктарам-псіхіятрам Ігарам Сарокіным. Доктар Ігар Сарокін – псіхіятр са шматгадовым стажам, працуе ў Менскім гарадскім псіханеўралагічным дыспансеры.

– Дык ці ёсць ён, сапраўдны псіхатып беларуса? Ці маем мы зборныя станоўчыя і адмоўныя рысы, і адкуль яны ўзяліся, і што з імі рабіць?

– Што з імі рабіць… А што з імі можна зрабіць? Калі народзіцца жаробка з лысінкаю, дык з лысінкаю і памрэ…

– Ды ну! А мне падавалася, нешта можна «па дарозе» і скарэктаваць…

– Пра псіхатып беларуса столькі ўжо нагаворана – і часцей за ўсё гэта вельмі станоўчы, лакіраваны вобраз: маўляў, працавітыя, маўляў, лагодныя – хоць да раны прыкладай. Заўсёды гасцінна сустрэнуць, як у той песні пяецца – «Прыязджайце ка мне ў Беларусь, прывазіце друзей і знаёмых… …раздзявайцесь і будзьце как дома»…А на самой справе, калі гаварыць па вялікім рахунку і больш-менш сур’ёзна – ну што асабліва добрага ў беларусах? Анічога няма добрага.

– Нерашучасць. Кансерватызм. Баязлівасць перад начальствам. Памяркоўнасць з пераходам у канфармізм…

– Ну сапраўды. Вы цяпер пералічылі тое, што яўна адмоўнае. А ўзяць гэтую славутую працавітасць беларускую – што тут добрага? Для беларуса праца – гэта спосаб існавання, і не болей. Ці што, сярод беларусаў шмат людзей, якія маглі б перадаць што-небудзь сваім дзецям? Любым нашчадкам? Самае большае, на што спадзяецца сённяшні беларус – што ўнуку дастанецца кватэра бабкі.

– Гэта беларуская рыса? І мы – праз гэтую памяркоўнасць і працавітасць не можам нічога зрабіць са сваім лёсам, каб яго паправіць?

– Заўжды былі і ёсць людзі, якія спрабуюць нешта змяніць. Але ж мы не гаворым пра пасіянарную частку грамадства, якія змагаюцца за волю і дабро для сябе і сваіх нашчадкаў. А абагульненае калі казаць, то згадваецца жанчынка са словамі «Лукашэнка на хлеб дае – і дзякуй богу».…

– Абачлівасць – каб выжыць?

– Каб выжыць. І канешне, трэба выжываць, але не любым коштам. А калі ўжо з’яўляецца нейкая магчымасць нешта змяніць у сваім жыцці, ну хай, не ў сваім, хай у жыцці нашчадкаў сваіх – то трэба гэтай магчымасцю карыстацца……

– І тут уступае ў сілу наш менталітэт, які не дазваляе кранаць тое, з чым мы звыкліся…

– Так, тут і цяпер лепей так, лепей надзейны кавалак, хай сабе маленькі, дробязны, але надзейны кавалак хлеба, чым нейкае рызыканцтва і пошукі спосабу нешта зарабіць.

– То бок цярплівасць і страх перад зменамі ёсць нашай нацыянальнай рысай, і яна ў нейкім сэнсе абумоўлівае наш лад жыцця?

– Безумоўна. Можна, канешне, узгадваць, што хто тут толькі не хадзіў і не таптаў, але для мяне найбольш балюча іншае… Хадзілі і праз прыбалтаў, і праз фінаў… Але нашая нацыя ўвесь час сама сябе імкнулася прытрымаць, не развіваць як нацыю. Ніколі не было з часоў Вялікага Княства Літоўскага тут людзей, якія дбалі б пра сваю культуру і пра свой народ. Усе ўладары кіраваліся прынцыпамі звычайнага селяніна: лепей дагадзіць суседу, не высоўвацца і забыцца, хто яны і як можна існаваць як дзяржаўная адзінка. А вольны валадар можа быць у вольнай краіне….

– Цярплівы аж да бясконцасці, не гасцінны і крыху хітраваты – вось такі ён, сапраўдны беларус. А ці ўплывае на псіхатып нацыі рэльеф і клімат краіны, і тое, што 90% Беларусі займалі лясы – адбіваецца на нашай ментальнасці?

– У такім выпадку мы павінны быць такімі ж, як украінцы….– Я не люблю савецкіх беларусаў. Я прымаю іх як рэальнасць, і сам не пазбавіўся яшчэ гэтай савецкасці, але я раблю што ў маіх сілах… І мы беларусы – пакуль мы карыстаемся сваёй мовай. Хай касыя, крывыя, такія, якія ёсць, але толькі тады мы – беларусы.Здаецца, Валянцін Акудовіч пісаў, што беларусам увесь час трэба працаваць, а калі яны не працуюць – дык нудзяцца, а калі нудзяцца – дык п’юць. Я толькі не пагаджуся, што кожны беларус гоніць нуду гарэлкай. Але працаваць – гэта тыпова для беларуса, а калі працы няма – то ён адчувае сябе разгубленым і страчаным, для сябе самога.

– Дык якія ж праявы савецкасці мы можам і мусім нават выкінуць як непатрэбны груз?

– У першую чаргу – пакорлівасць. Разумееце, для таго, каб адчуваць сябе дастойным чалавекам у вачох іншых – трэба выглядаць ва ўласных вачох вартым пашаны. А як гэта магчыма, калі ты, па вялікім рахунку, ніяк матэрыяльна не забяспечаны? І таму, адзінае, што ў цябе можа быць сапраўды, і ніхто гэтага не адніме – гэта твая культура і твая мова. А ўся савецкая, лакіраваная культура, пазбаўленая сапраўднага пачуцця – што яна можа даць чалавеку для самапавагі?

Далей у праграме: самая беларуская хвароба – і сем парадаў ад доктара, як з ёй справіцца.

Фрагменты праграмы «Зоры не спяць». Гутарыла Вольга Гардзейчык