5 і 6 гадоў зняволення атрымалі маёр і старэйшы лейтэнант міліцыі за махлярства ды перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Самае цяжкае злачынства, якое здзейснілі міліцыянты, – махінацыі з нерухомасцю. Мужчыны падманулі жыхара Берасця, прадаўшы ягоную кватэру і не аддаўшы за яе грошы. Старэйшы лейтэнант, экс-участковы Юрый Г., сваёй віны не прызнаў, ягоны напарнік Валерый К. прызнаў сваю віну толькі часткова.
Уладзімір Вялічкін, праваабаронца:
«Гэты працэс – не выключэнне. Год толькі пачаўся, а мы бачым, што ўжо два прысуды праваахоўнікам ёсць. І тэрміны атрымалі яны доўгія. У мінулым годзе таксама былі падобныя выпадкі. Калі міліцыя збіла двух хлопцаў, і пазней аднаго прыцягнулі да адказнасці, але іншых, што разам з ім збівалі, чамусьці следства знайсці не можа, хаця іх было каля дзясятка чалавек.
Гэта невыпадкова, і я б не сказаў, што міліцыя не змагаецца з такімі супрацоўнікамі ў сваіх шэрагах. Але калі змагаецца, то недастаткова. Я маю такое назіранне, што калі нейкі міліцыянт патрапіў у вока свайго кіраўніцтва, – перабольшыў паўнамоцтвы, здзейсніў нейкія парушэнні, злачынства – то на самым пачатку я б не сказаў, што іхнае кіраўніцтва рэагавала. Яны проста бяруць на ўлік гэтых супрацоўнікаў, а потым выкарыстоўваюць для брудных справаў. На прыкладзе гэтых двух, яны былі заўважаныя за тым, як сачылі за грамадскімі актывістамі, дзейнічалі ў іх затрыманнях, ілжэсведчылі ў судах… Іх судзяць, таму што гэтыя людзі перасталі быць кіруемымі з боку іхнага кіраўніцтва…»
Сяргей Пятрухін, блогер:
«Гэтая сістэма зараз вельмі дэградуе. Людзей, якіх набіраюць, – гэта не лепшыя людзі, ім увогуле месца не ў міліцыі. Гэта разумее добра і начальства, таму скрозь пальцы за гэтым сочыць…»
Мы спыталі жыхароў Берасця, як яны лічаць, ці заўсёды нашыя міліцыянты адказваюць за свае дзеянні? Ці чулі яны пра выпадкі, калі злачынцы ў пагонах засталіся без пакарання?