Канцэрт доўжыўся троху менш за гадзіну і, калі планавалі перайсці да дэсерту, у парк прыехалі нечаканыя госці.
«Калі людзі пачалі наліваць гарбату з тэрмасаў, мы пачулі: «Блін, хлопцы, там стаяць, там прыехала машына, і там прыехала машына», – прыгадвае той вечар Аляксандр Памідораў.
Тады музыкі разам з наведнікамі імпрэзы рушылі да выхаду з парку. Але ўсе выхады былі перакрытыя.
«Адтуль выбягаюць хлопцы ў цывільным з дручкамі і ў масачках, адсюль – выходзяць «зялёныя» ў масачках і з дручкамі, – распавядае Аляксандр. – А наўпрост на нас ідуць «чорныя» без апазнавальных знакаў, а вось адсюль – АМАП».
Амапаўцы затрымалі Аляксандра Памідорава і Уладзіслава Наважылава, а таксама некаторых слухачоў. Музыкаў павезлі ў РУУС Заводскага раёну, адтуль – на Акрэсціна. Суд пакараў кожнага з музыкаў 8 соднямі адміністратыўнага арышту нібы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Адбываць арышт давялося ў Жодзіне.
Па вызваленні Уладзіслаў Наважылаў паехаў на Ангарскую, дзе праходзіла імпрэза, – забраць свой аўтамабіль. Але машыны не было. Як выявілася, яна таксама трапіла пад арышт.
Музыкі не змаглі ў належны тэрмін скарыстацца сваім правам на абскарджанне пастановы: адміністрацыя ЦІП не дала ім магчымасці.
«Можна хадайнічаць перад судом аб аднаўленні тэрмінаў абскарджання. Такое хадайніцтва павінна суддзёй быць разгледжанае. Калі ён адновіць тэрміны, скарга пойдзе сваім парадкам і павінна быць разгледжаная судом вышэйшай інстанцыі», – тлумачыць Гары Паганяла, юрыст з Беларускага Хельсінкскага камітэту.
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.