Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала патлумачылі, чаму яны супраць байкоту. Спецвыданне «Шчыра кажучы»


«Тры грацыі», «тры волаты», «трохгаловы цмок» – як толькі не называюць у сацыяльных сетках жаночыя твары трох аб’яднаных выбарчых штабоў: Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі ды Валера Цапкалы. Ці ёсць план на працяг гэтай беспрэцэдэнтна жорсткай палітычнай кампаніі, з якой ужо выбылі наймацнейшыя кандыдаты-мужчыны? У сённяшнім адмысловым выпуску праграмы «Шчыра кажучы» мы паразмаўляем з Марыяй Калеснікавай, Веранікай Цапкалай і Святланай Ціханоўскай.

На другі дзень пасля рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала абвесцілі пра аб’яднанне штабоў. У гісторыі беларускіх выбараў не было гэткага палітычнага кроку – ён стаўся нечаканасцю і для выбарцаў, і для ўладаў Беларусі.

У інтэрнэце з’явіліся не толькі радасныя словы падтрымання, але і крытыка. Бо лідар кампаніі «Стоп Таракан» блогер Сяргей Ціханоўскі выразна выступаў за байкот выбараў, у якіх бярэ ўдзел Лукашэнка, а галасы лічыць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Фота: Belsat.eu

Сваю пазіцыю «Белсату» тлумачыць кандыдатка на пасаду прэзідэнта, жонка палітзняволенага Святлана Ціханоўская:

«У Сяргея была мэта, каб дыктатар больш не кіраваў краінай. Мы прыслухоўваемся да меркавання людзей і разумеем, што байкот нічога не зменіць, бо калі ты не прыйшоў галасаваць, то і абараняць табе няма чаго. Таму я не ўпэўненая ў тым, што калі б Сяргей быў на маім месцы ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта, то ў яго не змянілася б меркаванне».

Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Гэткае самае думкі і кіраўнічка штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава. Яна лічыць, што байкот дэматывуе людзей: умоўна яны застаюцца «сядзець на канапе», – і кажа, што іхны штаб пралічваў сітуацыю, калі Віктар Бабарыка будзе зняты з выбарчай гонкі:

«Мы разлічвалі, што рабіць, калі будзе сцэнар «мінус два», калі Віктар і Эдуард Бабарыкі будуць выключаныя з выбарчага працэсу, ці калі Віктар Бабарыка не будзе зарэгістраваны. Канчатковая мэта Віктара Дзмітрыевіча Бабарыкі – перамога і змена дзейных уладаў, таму пры ўсіх гэтых негатыўных варыянтах развіцця мы пастанавілі глядзець на канчатковы спіс магчымых кандыдатаў і на тое, з кім з іх у нас найбліжэйшая мэта. Зыходзячы з гэтага, звяртацца з прапановаю падтрымаць адзін аднаго».

Адзін з пунктаў праграмы трох аб’яднаных штабоў – правядзенне і абвяшчэнне новых выбараў. Сапраўды: такога манеўру ў папярэдніх электаральных кампаніях не было. Цяпер аб’яднаныя штабы дзеюць з увагі на абставіны і, як запэўнівае Вераніка Цапкала, маюць план нават на выпадак, калі цягам выбарчае гонкі дыскваліфікуюць і Святлану Ціханоўскую.

Вераніка Цапкала.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Выбарцы мусяць абараняць свае галасы законнымі метадамі, мы заахвочваем людзей браць удзел у ініцыятывах, якія запушчаны штабам Віктара Бабарыкі, «Сумленныя людзі», ва ўсіх іншых законных ініцыятывах, якія ў нас існуюць. У нас ёсць нават план, калі ўлады спужаюцца далікатную жанчыну, маці дваіх дзяцей, і здымуць Ціханоўскую з выбараў», – дадае Вераніка Цапкала.

Таксама ў адмысловым выданні «Шчыра кажучы» прагучаць адказы на наступныя пытанні:

  • чаму тры штабы не пераехалі ў адзін будынак?
  • якія працоўныя групы ўжо створаныя пры абʼяднаным штабе?
  • ці жаночая салідарнасць зможа змяніць краіну?

Глядзіце іншыя выданні «Шчыра кажучы».

belsat.eu