Экс-вядоўцы дзяржаўных каналаў апавядаюць пра закуліссе прапаганды


Паводле афіцыйных звестак, навагодні зварот Аляксандра Лукашэнкі глядзелі больш за 6 мільёнаў чалавек. Ці перахапілі ініцыятыву ў інфармацыйнай вайне дзяржаўныя медыі? Высвятляем у праграме «Шчыра кажучы».

Падчас паслявыбарчых пратэстаў сысці з «Белтэлерадыёкампаніі» давялося тэлевядоўцы Кацярыне Пытлевай. Прычынаю канфлікту з начальствам стаўся пост у Instagram, у якім журналістка асудзіла жорсткія затрыманні мірных дэманстрантаў яшчэ ў перадвыбарчую кампанію. Кацярына была не адзінаю працаўніцаю БТ, каго згаданы факт абурыў. Не пажадаў выдаваць у эфір аднабокай інфармацыі аб пратэстах у Беларусі ўжо былы вядоўца навінаў Сяргей Казловіч. Паводле тэлежурналіста, 10 жніўня ён падышоў да кіраўніцтва з просьбай часова адхіліць яго ад эфіраў. Але яму запрапанавалі напісаць заяву на звальненне.

«Здарылася такая вясёлая гісторыя, калі я, атрымаўшы разлік, зразумеў, што ліпень і пачатак жніўня ў эфіры працаваў бясплатна. Рэч у тым, што мой асноўны заробак складаецца галоўным чынам з прэміі, і гэтай прэміі мяне не пазбавілі, але зрабілі яе мінімальнаю – 10 рублёў», – апавядае былы вядоўца Сяргей Казловіч.

Хваля пратэстаў не абышла і іншых рэспубліканскіх тэлеканалаў. Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у эфір адмовілася выходзіць тэлевядоўца СТВ Таццяна Бародкіна. Журналістка пачала актыўна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю ў сацыяльных сетках. Неўзабаве ёй сталі паступаць пагрозы. У тым ліку ад знаёмага з КДБ. Дзеці Таццяны былі моцна напалоханыя. Сям’я пастанавіла з’ехаць з краіны.

«Потым ужо пайшлі канкрэтныя пагрозы, што заўтра прыедзе ўжо не ён, а іншыя людзі, што забяруць маіх дзяцей, што спаляць мой дом. Ён шпацыраваў у двары, узяў на рукі маю малодшую дачку і пры ёй гэта ўсё казаў. […] Калі мы ўжо былі ва Украіне, Саша вельмі моцна баялася. Яна нават у прыбіральню толькі за ручку хадзіла, спала толькі са святлом. Яна ўвесь час трымала мяне за нагавіцы, за кашулю. Мабыць, падзейнічалі словы, што ў мяне забяруць дзяцей. Было страшна. Яна нават пару разоў абмачылася, нягледзячы на свой узрост пяцігадовы. Ёй было страшна. А вось калі мы ўжо былі на тэрыторыі Польшчы, старэйшая ўжо пачала разумець, што мы не вернемся цяпер ніяк. І вось тады ўжо яе накрыла», – згадвае Таццяна Бародкіна.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Як паўстаў YouTube-праект «Я здымаю» і хто яго стварае.
  • Як цэнзураваліся прыватныя старонкі ў сацсетках працаўнікоў тэлеканалу «Мир».
  • Дзяржаўная ўзнагарода ці кляймо?

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Belsat.eu