Таксовец вывез з «сафары» ў Курапатах дзясяткі пратэстоўцаў, адседзеў 35 содняў – а жонка разышлася з ім праз гэта


Наш герой таксовец Аляксей – з Пінску. Калі сілавікі ўчынілі сапраўднае «сафары» на пратэстоўцаў у Курапатах, ён вывез адтуль больш за два дзясяткі чалавек. Пасля трапіў на 35 содняў у турму, дзе яго катавалі і газніцаю выпалілі на галаве бел-чырвона-белы іракез.

Таксовец Аляксей вывез з «сафары» ў Курапатах дзясяткі пратэстоўцаў.
Фота: Белсат

«Спачатку мяне збілі, прагнаўшы праз «калідор шчасця», як яны гэта называлі. У мяне былі белыя валасы, і канец хваста быў пафарбаваны тонкаю чырвонаю палоскай. Мяне пазначылі як «змагара». Мне зрэзалі валасы нажом, кінулі ў твар і сказалі: «Жуй». Калі я адмовіўся, яны закулі мяне ў «бранзалеты», завярнулі ногі і газаваю гарэлкаю выпалілі мне ўсё на галаве! І выкінулі са словамі: «Усё, красавец бритый!» Самае страшнае, што будуць зноў біць», – дзеліцца Аляксей.

У шасцімясцовай камеры разам з Аляксеем перабывалі 62 асобы. Потым мужчынаў перавялі ў шпацырны дворык 5 на 6 метраў – і там былі ўжо 100 асобаў.

«Нам далі палову цаглінкі чорнага хлеба і дзве паўтарашкі вады на ўсіх. Закінулі са словамі: «Не здохнеце!» У прыбіральню стараліся хадзіць па чарзе неяк. Але былі і тыя, хто страчваў прытомнасць. Моцна збітыя хадзілі пад сябе, яны не маглі падняцца, мы спрабавалі іх абмываць. Як той казаў, салідарнасць – яна паўсюль салідарнасць», – дзеліцца наш герой.

Таксовец Аляксей вывез з «сафары» ў Курапатах дзясяткі пратэстоўцаў.
Фота: Белсат

Цяпер Аляксей падпрацоўвае таксоўцам. Заўжды бясплатна возіць тых, хто едзе перадаваць перадачы вязням.

Калі мужчына выйшаў пасля 35 содняў турмы, даведаўся, што жонка падала на развод, заявіўшы, што ёй «не трэба бел-чырвона-белыя плямы ў біяграфіі». Яна працавала старшынёю Прафсаюзнага камітэту студэнтаў. Але на дваровым канцэрце Аляксей пазнаёміўся з дзяўчынаю-змагаркаю, у якую і закахаўся. Пачуццё аказалася ўзаемным. А яшчэ распавёў нам, што сябраваў з Аляксандрам Тарайкоўскім.

Цяпер Аляксей марыць знайсці працу паводле адукацыі – ён настаўнік гісторыі. Або кіраваць аўтобусамі на працяглых дыстанцыях.

Таксовец Аляксей.
Фота: з асабістага архіву героя

Калі вы хочаце падтрымаць нашага героя (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звярніцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.

Belsat.eu