Ізноў у зборнай Беларусі – цяпер ужо на фронце. Дзядзька з палка Каліноўскага


Дзядзька – былы чалец зборнай Беларусі ў акадэмічным веславанні, удзельнік Алімпійскіх гульняў, чэмпіён свету, рэкардсмен. Расейскае ўварванне ва Украіну ў 2022 годзе заспела яго ў ЗША. Ён адразу вярнуўся ў Еўропу і далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў.

Калісьці Дзядзька прадстаўляў Беларусь на розных спаборніцтвах па веславанні, у тым ліку на дзвюх Алімпіядах, у 2004 і 2008 гадах. Ягоная жонка – таксама алімпійка, чэмпіёнка свету і Еўропы ў акадэмічным веславанні, рэкардсменка. З 2014 яна дапамагае ўкраінцам, якія атрымалі раненні ў баявых дзеяннях на Данбасе, трэнуе іх на вяслярных трэнажорах, рыхтуе да «Гульняў няскораных».

Калі Дзядзька даведаўся пра расейскае ўварванне ва Украіну, ён пайшоў добраахвотнікам у войска. Рыхтаванне прайшоў на базе атраду тэрытарыяльнай абароны «Азоў».

Цяпер Дзядзька служыць у палку Каліноўскага. Мы сустрэліся з ім у Кіеве. Тут ён праходзіць рэабілітацыю пасля ранення, атрыманага ў Бахмуце.

Якім быў першы Дзядзькаў бой? Які бой запомніўся найбольш? Як беларускія ваяры падтрымліваюць фізічную форму? Ад чаго залежыць вызваленне Беларусі, на думку нашага героя? Пра ўсё гэта вы дазнаецеся з новага выдання «Ваяроў», у якім пабачыце таксама эксклюзіўныя фота і відэа з асабістага архіву героя.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Полк Каліноўскага / Facebook