Насту Лойку катуюць у няволі


Наста Лойка адмовілася з’ехаць з Беларусі, і цяпер яе катуюць электрашокерам, выганяюць без вопраткі на холад, судзяць паводле двух крымінальных артыкулаў. Гэта плата за дапамогу сотням людзей.

Праваабаронцу Насту Лойку прымусілі правесці ва ўнутраным дворыку ЦІП [Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. – Белсат] без курткі шэсць-восем гадзінаў на холадзе. Пра гэта распавядае Эніра Браніцкая, якая была хроснай маці Насты Лойкі ў галіне праваабароны.

«Гэта пакаранне менавіта за тое, што яна распавядала, якія былі ўмовы, напісала скаргу – нягледзячы на тое, што прававая сістэма не працуе, а ў Беларусі пісаць скаргі на ўмовы ўтрымання амаль не магчыма, бо яны не падлягаюць судоваму перагляду. Гэта асобная праблема. Але ёй было важна ўсё роўна не маўчаць. «Хто, калі не я», – яна заўсёды так казала, і я спадзяюся, што будзе казаць далей», – выказвае надзею Эніра Браніцкая, сама былая палітзняволеная, вязень сумлення, праваабаронца арганізацыі «Human Constanta», якая дзеліцца ўспамінамі пра Насту і пра тое, як яна прыйшла ў праваабарону.

Сёння Насце Лойцы патрэбная нашая дапамога. Яна мае праблемы з зубамі, якія можа вырашыць стаматолаг. Але не кожны доктар гатовы, хоць гэта бяспечна і законна, прыехаць у месца ўтрымання Насты і дапамагчы ёй. Калі вы здатныя гэта зрабіць або ведаеце тых, хто гатовы аказаць стаматалагічную дапамогу Насце, то звяжыцеся з намі.

У Насты на волі застаўся сабака Эрык, якому ў Беларусі не змаглі знайсці новых гаспадароў, і цяпер яго неабходна вывезці за мяжу. Ёсць усе неабходныя дакументы, застаецца патрэба перавезці яго як мінімум у Польшчу, каб далей гадаванца забралі сябры Насты з Чэхіі. Калі вы здольныя дапамагчы, таксама лістуйце нам.

Наста – веганка, таму за кратамі ў яе вялікія праблемы з харчаваннем. Але ёй можна даслаць пасылку з любога пункту свету на наступны адрас: Лойка Анастасія Юр’еўна, СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск.

Нельга дасылаць кніг і харчоў, якія хутка псуюцца.У пасылку трэба пакласці аркуш з пералікам і колькасцю ўсяго, што вы дасылаеце.

Спіс магчымых для адпраўкі Насце Лойцы харчоў:

веганская гарбата

веганская какава, кава

арэхі (акрамя арахісу)

цукора

фунчоза (крухмальная / рысавая локшына)

веганскія цукеркі

веганскі шакалад.

Таксама можна даслаць Насце грошы.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.