Прэм'ер-міністр хоча пераменаў. NEXTA на «Белсаце»


Лета. Хочацца ў адпачынак. Але беларускія чыноўнікі працуюць, не складаючы рук. Да прыкладу, Сяргей Румас – прэм’ер-міністр. Нядаўна ён гэтак упарта працаваў, што вырашыў зрабіць у сваім кабінеце рамонт. Бо без рамонту, відаць, не працуецца гэтак добра, як хацелася б.

Мы вырашылі прааналізаваць, чым займаецца прэм’ер-міністр. Тым больш, што ўжо ўвосень Лукашэнка прызначыць новых «прадстаўнікоў народу» – хоць тэрмін іх паўнамоцтваў скарацілі амаль на год – каб выбары не супадалі з прэзідэнцкімі, ніхто з дэпутатаў і не піснуў – «мо, перавыбрацца дадуць».

А месца ў іх сапраўды казырнае – сядзі сабе, на кнопкі націскай ды ў ладкі, калі трэба, пляскай. Ну, як той Марзалюк. Дарэчы, гэтак званая Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі паўстала ў 96-м, калі Лукашэнка дзеля «стабільнасці» разагнаў апошніх сапраўдных дэпутатаў.

«Калі парламент будзе ў парушэнне Канстытуцыі, так сказаць, пінаць мяне нагамі і абцягваць, вы таксама мой характар ведаеце», – казаў калісьці Лукашэнка.

З тае пары, акрамя характару Лукашэнкі, пра беларускую палітыку ніхто нічога і не ведае – якія там ёсць дэпутаты, колькі там гэтых палатаў ды чым яны там усе наагул займаюцца.

З апытаных намі жыхароў Менску мала хто назваў колькасць палат у беларускім парламенце:

«Не, не ведаю. Але вельмі падтрымліваю нашага прэзідэнта».

«Колькі ў нас палатаў? У нас тры палаты».

«Тры-чатыры прыкладна».

«Ну, сем».

«Шэсць-сем, недзе так. Таксама не ведаю, чым яны займаюцца».

«У нас ёсць адна палата і розуму ў ёй – таксама палата».

«Не, у нас напэўна не так. У нас ніжняя ёсць палата і верхняя палата. А Савет міністраў у нас – урад. Крыху ведаю, бо калісьці вучылася на юрыдычным, таму крыху памятаю».

«Ой, калі сумленна, я не вельмі з гэтым звязаны, таму не лезу ў палітыку максімальна. Паколькі гэта не прынята абмяркоўваць у вялікай колькасці людзей – палітыку, рэлігію і астатнія тэмы».

«Я ведаю, што гэты будынак тут знаходзіцца, але паняцця не маю, што робяць гэтыя людзі».

«Я не асабліва цікаўлюся палітыкай, стараюся, каб неяк паменш было гэтага ў жыцці, каб лягчэй жылося».

А таму і жывецца – цяжка. Асабліва, калі вы – не чыноўнік. Пакуль рэгіёны пакутуюць на адсутнасць спраўных апаратаў МРТ, у кабінеце тэарэтычна другой пасля Лукашэнкі асобы ў краіне – прэм’ер-міністра Сяргея Румаса ладзяць рамонт. Кажуць, і ў часы мінулага прэм’ера кабінет быў шыкоўны. Але ж… Перемен! Требуют наши сердца!

Сцяпан Святлоў, belsat.eu