Супольная польска-беларуская гісторыя, фінскі цэнтр дэзынфармацыі і карысці Расеі ад Ісламскай дзяржавы – у найноўшым «ПраСвеце».
Як геапалітыка змяніла падыход Варшавы да Менску на 180 градусаў? Высвятляў Руслан Шошын. Каментуюць Анна Марыя Дынэр, Алесь Астроўскі, Аляксандр Мілінкевіч, Валер Карбалевіч і Анджаліка Борыс.
Аляксандр Лукашэнка падчас спаткання з кіраўніком Сенату Польшчы Станіславам Карчэўскім заявіў, што «у нас очень близкая, а порой общая история». Падобныя заявы кіраўнік Беларусі робіць упершыню. Што агульнага ў гісторыі беларусаў і палякаў а якія справы ўсцяж выклікаюць спрэчкі? Пра верасень 1939-га, Армію Краёвую і Армію Андэрса, лагер у Бярозе Картузскай і дэсант у Галандыі – у размове з кандыдатам гістарычных навук, даследчыкам беларускай і польскай гісторыі ХХ стагоддзя Ігарам Мельнікавым.
Украіна і Польшча падаюць у суд на Еўрапейскую камісію. Рэпартаж Яраслава Сцешыка. Каментуе эканаміст Пятрас Аўштравічус, еўрапейскі дэпутат ад Літвы.
Дзяржавы НАТО і Еўразвязу вырашылі стварыць у Фінляндыі цэнтр супрацьдзеяння гібрыдным пагрозам. Матэрыял Ігара Кулея. Каментуюць Аляксандр Алесін, журналіст «IHS Jane’s Defence Weekly» Брукс Тайнэр і супрацоўнік агенцтва «Укрінформ» Андрэй Лаўрэнюк.
Замірэнне не патрэбнае: у паўднёва-ўсходняй частцы Алепа засталіся адныя тэрарысты, кажуць у Крамлі пасля новых поспехаў падчас штурму гораду. Што будзе пасля крывавай перамогі ды навошта Расеі джыхадысты ў Сірыі? Рэпартаж Усевалада Шлыкава. Каментуюць Вітальд Рэпетовіч, экперт па Сірыі з парталу «Defence24.pl» і Яўген Красулін, адмыслоўца ў нееўрапейскіх цывілізацыях з БДУ.