Першы раўнд дэбатаў Клінтан–Трамп: 1: 0


Першыя дэбаты кандыдатаў ад рэспубліканцаў і дэмакратаў прыцягнулі да экранаў тэлевізараў дзясяткі мільёнаў гледачоў у адных толькі ЗША – прыкладна на дваццаць мільёнаў больш, чымся колішні рэкордны двубой Рэгана і Картара.

«Я думаю, мая наймацнейшая перавага – мой характар. У мяне – характар пераможцы. Я ведаю, як перамагаць. А яна – не», – гэта словы Трампа пра сваю суперніцу. – Часам, як на сустрэчы ў Амерыканскай федэрацыі працы, вы, сакратар Клінтан, здаецца, цалкам траціце кантроль. Вось тут стаіць асоба з праблемным характарам».

«Уфф. Добра», – выдыхнула Клінтан. Яе адказы, аднак, былі не менш вострыя: «Ён намагаецца пераключыць увагу то на маю вытрыманасць, то на выгляд, то на характар. Але гэта асоба, якая называе жанчын свіннямі, ляніўцамі ды сабакамі. Гэта чалавек, што назваў цяжарнасць не выгаднай для рабочых, той, хто лічыць, што жанчыны не мусяць зарабляць столькі ж, колькі мужчыны».

Акрамя асабістых атакаў, кандыдаты збольшага трымаліся старой стратэгіі. Трамп нагадваў пра старыя памылкі Клінтан – між іншага пра скандал з выкарыстаннем мабільных прыладаў для вядзення афіцыйнага ліставання з уласнага паштовага акаўнту і пра няўдачы ўраду дэмакратаў. Ягоная суперніца – наадварот – нагадвала пра дасягненні дэмакратаў і вінаваціла Трампа ў хлусні і зменлівасці поглядаў. Хто ж перамог?

«Я сапраўды хацеў бы, каб яны падрыхтавалі Трампа трошкі лепш. Каб ён валодаў фактамі, палітычнымі ведамі, каб ведаў, пра што гаворыць. Бо ў яго гэта ўсё выглядала, як імправізацыя. Шчырая, што праўда. Ён зрабіў усё, каб не выглядаць так дурнавата, як звычайна», – лічыць Антонье Мактыр, выбарнік, які яшчэ не вызначыўся.

За каго галасаваць не ведае таксама пакуль Кевін Брук:«Агулам, я расчараваны. Я не пачуў прычынаў, каб галасаваць за кагосьці з іх. Я пачуў шмат атак. Шмат жахлівых словаў ад людзей, што намагаліся абараніцца ад такіх жа нападаў», – кажа мужчына.

Паводле цэлага шэрагу апытанняў, перамога ў першых дэбатах засталася за Клінтан. З даследавання CNN вынікае, што 62 % гледачоў аддалі перамогу кандыдатцы ад дэмакратаў і толькі 27 % – Доналду Трампу. Праўда, як стала вядома пазней, толькі чвэрць сярод апытаных атаясамлівае сябе з каштоўнасцямі рэспубліканскай партыі. Чытачы Time і CNBS аддалі перамогу Трампу. Сацыялагічнае апытанне Public Policy Polling сведчыць пра перамогу Клінтан.

Пасля палітычнага двубою Дональд Трамп намякнуў, што мусіў супрацьстаяць не толькі Гілары Клінтан.

«І яны яшчэ далі мне няспраўны мікрафон! Вы заўважылі – мой мікрафон было дрэнна чуваць. І я задумаўся – ці гэта не было зроблена адмыслова. Гэты мікрафон не працаваў добра пад час дэбатаў, – скардзіўся Трамп. – Але агулам лічу, што ўсё прайшло выдатна».

Паводле апытанняў перад дэбатамі, Трамп усяго на 2 % падтрымання адставаў ад сваёй суперніцы. У абодвух кандыдатаў будзе шанец палепшыць свае вынікі чацвёртага і дзявятага кастрычніка – калі пройдуць наступныя раўнды дэбатаў. Самыя ж выбары сорак пятага прэзідэнта ЗША пройдуць восьмага лістапада.

Усевалад Шлыкаў