Першы паказ на Радзіме. Мара пра беларускае кіно


17 кастрычніка а 19:00 у менскім АРТкінатэатры (пр. Дзяржынскага 104) распачнецца новы сезон праекту «СВАЁ КІНО: Любім і глядзім». Беларуская рэжысёрка Мара Тамковіч пакажа на ім псіхалагічную драму і чорную камедыю, два свае кароткаметражныя фільмы, якія атрымалі шэраг узнагародаў на розных міжнародных фестывалях. Гэта будзе першы паказ на радзіме аўтаркі.

Hавiны
Дзяўчына ў лужыне крыві і «Блядская гісторыя»: у Менску стартуе новы сезон «СВАЁ КІНО»
2018.10.14 09:49

«Фільмы, якія я буду паказваць, знятыя ў Польшчы, знятыя па-польску, яны таксама знятыя ў польскім інфармацыйным кантэксце. Мне вельмі цікава, як на гэта адрэагуе публіка, таксама цікава, як адрэагуе на тое, што адзін з фільмаў зняты па матывах апавядання Захарыя Прылепіна. У мяне ёсць мара зняць мой дэбютны поўнаметражны фільм у Беларусі і пра беларускіх герояў. Хочацца, каб акцыя адбывалася менавіта ў Беларусі. Я намагаюся рабіць такое кіно, каторае вельмі моцна прывязана да рэальных праблемаў…».

Мара Тамковіч – рэжысёрка, сцэнарыстка, журналістка. Аўтарка дакументальных і гульнявых фільмаў, якія паказваліся ў Гдыні, Кракаве, Тэль-Авіве, Нью-Ёрку, Лондане ды Маскве. Лаўрэатка ўзнагароды «Яна Мерседэс» для найлепшай аўтаркі гульнявога фільма на фестывалі «Два Берагі». Ва ўласных фільмах аддае перавагу сацыяльнаму рэалізму, а як глядачка таксама цэніць добрае жанравае кіно.