Перамагчы Ісламскую дзяржаву. Трамп хоча выканаць сваё перадвыбарчае абяцанне


Прэзідэнт ЗША прапануе павялічыць выдаткі на абарону на $ 54 млрд. Сродкі, між іншага, пойдуць на план Пентагону па знішчэнні Ісламскай Дзяржавы.

Перамога над гэтак званай «Ісламскай дзяржавай» была адным з галоўных абяцанняў Доналда Трампа яшчэ падчас выбарчай кампаніі. Між іншага, дзеля гэтага ён збіраецца павялічыць налета выдаткі на абарону адразу на 54 мільярды долараў – амаль на 10 % у параўнанні з сёлетнімі. План выглядае амбітна і практычна невыканальна, мяркуе адмысловец.

«Я вельмі сумняюся, што кангрэс гэта прапусціць, – лічыць адмысловец у пытаннях бяспекі Бэнджамін Фрыдмэн. – Прычына ў тым, што хаця дэмакраты ў прынцыпе і падтрымліваюць павелічэнне выдаткаў на абарону, то не пагодзяцца з тым, як гэта мае быць зроблена. Яны ніколі не пагодзяцца абрэзаць фінансаванне Агенцтва аховы навакольнага асяроддзя і Дзярждэпартамент. А ім неабходныя дэмакраты, каб прагаласаваць за такі закон».

Гэтыя мільярды Трамп збіраецца ўласна адабраць ад Дзярждэпу, Агенцтва аховы навакольнага асяроддзя і скараціць выдаткі на дапамогу замежным дзяржавам. Пентагон ужо прадставіў амерыканскаму прэзідэнту адмысловы план па хуткім знішчэнні ісламістаў. Адзін з былых гаспадароў Белага Дому падтрымлівае ініцыятыву.

«Людзі мусяць зразумець, што гэтая банда злачынцаў можа быць пераможаная. Бо мы ўжо аднойчы гэта зрабілі, – заявіў былы прызідэнт ЗША Джордж Буш. – І, дарэчы, дзейны дарадца прэзідэнта ў галіне нацыянальнай бяспекі быў часткаю тагачаснай стратэгіі заваявання сэрцаў і розумаў мясцовага насельніцтва, што неабходна для перамогі. І мы можам перамагчы зноў».

Перамога ў Іраку, пра якую ўзгадвае прэзідэнт Буш, стала магчымай выключна дзякуючы наземнай аперацыі. Ці збіраецца Пентагон ізноў выслаць амерыканскіх жаўнераў на Блізкі Усход – пакуль не вядома, але ёсць магчымасць ваяваць, як кажуць чужымі рукамі. І калі ў Іраку пры падтрыманні амерыканскай авіяцыі сілы курдскай міліцыі і мясцовыя войскі цясняць ісламістаў, то знайсці хаўруснікаў у Сірыі будзе складана.

«Гэта ўласна кажучы – пайсці на тыя ўмовы, якія першапачаткова прапаноўвала Расея, – кажа адмыслоўца ў нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін. – Што зробіць Башара аль Асада субʼектам бліжняўсходняе палітыкі. Галоўная ж мэта падзеяў, якія ідуць з 11 года ў Сірыі – гэта ліквідацыя рэжыму Асада, а такія перамовы азначалі б, што ён застаецца »

Што запрапанаваў Пентагон прэзідэнту, ды ці дазволіць зрэалізаваць гэты план Трампу Кангрэс – можна толькі здагадвацца. Перамога ж, прынамсі ў выглядзе знішчэння структуры, якую ісламісты клічуць дзяржаваю цалкам магчымая. Бо, як падкрэслівае Яўген Красулін, за тры гады існавання тэрарысты згубілі свой патэнцыял.

«2016-ы, калі «Даіш» мог пайсці да нейкай экспансіі, быў пераломным: уласна экспансія – адзіная форма, у якой такія ўтварэнні могуць існаваць. Няма экспансіі – няма ўтварэння. Экспансіі «Даіш» няма ўжо даўно», – кажа Красулін.

Праўда, адмыслоўца падкрэсліваюць, што перамога на месцы (кшталту знішчэння базаў і інфраструктуры тэрарыстаў) зусім не будзе азначаць знішчэння пагрозы радыкальнага фундаментальнага іслам. Партызанская тэрарыстычная барацьба можа працягвацца доўгія гады, як мы бачылі на прыкладзе таго ж Іраку, ці Афганістану.

Усевалад Шлыкаў