Свет Павышэнне тэмпературы на 2 градусы абмяркуюць на экалагічным саміце ў Парыжы


Парыж прымае сусветных лідараў у межах саміту ў пытаннях змянення клімату. Планы амбітныя – узгадніць новы пратакол, які дазволіў бы ў літаральным сэнсе знізіць градус цяпла на планеце.Яшчэ напярэдадні афіцыйнага старту кліматычнага саміту ў Парыжы французскія ўлады абвесцілі: больш за трох не збірацца. У сувязі з пагрозаю тэрарыстычных актаў былі забароненыя любыя дэманстрацыі ды пікеты. Таму шэраг экалагічных акцыяў, прымеркаваных да сустрэчы, прайшлі ў суседні краінах, у тым ліку ў Нідэрландах ды Італіі.

ЖЫХАРЫ ІТАЛІІ:«Мы тут, каб сказаць: так, мы жадаем устойлівага развіцця, і не, мы не жадаем, каб уздзеянне на навакольнае асяроддзе працягвалася. І мы спадзяемся, што гэты пратакол не будзе такім самым, як іншыя, а будзе працаваць».

Паводле адмыслоўцаў, да 2050-га года сусветная тэмпература павысіцца на два градусы, і галоўныя спрэчкі ў Парыжы будуць ісці вакол фінансавых механізмаў заахвочвання краінаў скараціць выкіды. Відавочна, што ранейшая сістэма ў межах Кіёцкага пратаколу, гандляванне квотамі на выкід парніковых газаў, не дала чаканых вынікаў.

КЎОН СУМ ІНЬ, СЕТКАВАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ «ЧЫСТАЕ ПАВЕТРА»:«Забруджванне клімату – гэта не толькі экалагічнае, але і эканамічнае пытанне. Насамрэч кітайцаў сапраўды не цешыць жахлівая сітуацыя з забруджваннем у цяперашні час. Магчыма, гэтая канферэнцыя створыць дадатковы ціск на кітайскі ўрад, каб сапраўды дзеяць больш эфектыўна».

У Парыжы лідары 150-ці краінаў мусяць узгадніць і падпісаць новыя правілы, якія тэарэтычна запаволілі б працэс сусветнага пацяплення. На практыцы яны мусяць замяніць Кіёцкі пратакол і абумовіць экалагічную палітыку на наступныя 10-15 гадоў. Шэраг краінаў, у тым ліку адзін з галоўных забруджвальнікаў, Злучаныя Штаты, абяцаюць праз 10 гадоў амаль цалкам перайсці на зялёныя тэхналогіі ў энергетыцы. Кліматычны саміт ААН працягнецца да 11-га снежня.АН, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары