Павел Усаў: Дэмакратычная кандыдатка мае шанцы стаць прэзідэнтам Малдовы


Прэзідэнцкія выбары ў Малдове. Але пакуль без прэзідэнта. Будзе другі тур, хоць выразна лідаруе Ігар Дадон. Яго падтрымлівае Масква. А вось кандыдатка праеўрапейскай партыі Мая Санду адстае амаль на 10 %.

Лідар Партыі сацыялістаў Ігар Дадон набраў 48,2 % галасоў, але для перамогі не хапіла 1,8 %. Кандыдат выразна выступае за крокі ў кірунку Масквы: напрыклад, прапаноўвае разарваць дамовы аб свабодным гандлі з Еўразвязам, але пасля гэтага далучыцца да Еўразійскага эканамічнага саюзу. Прарасейскія сілы таксама перамаглі на апошніх выбарах у Грузіі. Апошнімі днямі таксама ідзе гаворка пра ўмяшанне расейскіх службаў у Чарнагорыі. Гучаць галасы і пра кібератакі Крамля перад выбарамі ў ЗША.

Палітолаг Павел Усаў заўважыў, што пакуль рана казаць пра аддаленне Малдовы ад Еўразвязу, бо ў першым туры было некалькі кандыдатаў з ліберальна-дэмакратычнымі лозунгамі, якія адцягнулі адно ў аднаго галасы. Ігар Дадон у сваю чаргу сабраў галасы электарату, які стабільна зʼяўляецца пракамуністычным і прарасейскім.

«На жаль, рэформы, якія абяцалі лібералы, не былі эфектыўныя, што падарвала давер да іх. Тым не менш, у другім туры Санду можа абʼяднаць той ліберальна-дэмакратычны электарат, які быў разʼяднаны ў першым туры, і атрымаць падтрымку. Таму пакуль я б не перакрэсліваў магчымасці лібералаў выйграць на гэтых выбарах, хаця, безумоўна, сурʼёзная пагроза для геапалітычнага палажэння Малдовы, для геапалітычнага выбару будзе існаваць, калі да ўлады прыйдуць сацыялісты ці былыя камуністы», – заўважыў адмысловец.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu