Студыя «Белсат» Палова справы зробленая. Лёс БАТЭ вызначыцца ў Тронгэйме


Барысаўскі БАТЭ, пакінуўшы за бортам польскі «Пяст» на старце кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, далей у супернікі атрымаў уладальніка залатых узнагародаў першынства Нарвегіі, клуб «Русэнборг» з Тронгэйму.

Барысаўцы, як і пасуе гаспадарам, пачалі з месца ў кар’ер і ўжо на 5-й хвіліне галкіпер гасцей Андрэ Гансэн збіў у сваёй штрафной Захара Волкава, за што быў прызначаны пенальці, які дакладна зрэалізаваў Ігар Стасевіч.

Паўабаронца «жоўта-сініх», ужо своеасаблівая легенда і капітан БАТЭ, вызначаецца выніковымі дзеяннямі ў шостым двубоі запар. Аляксей Бага, галоўны трэнер ФК БАТЭ, каментуе:

«У прынцыпе, Амерыкі я вам не адкрыю, стандарты ў футболе – гэта вялікая прылада, намагаліся максімальна выцягнуць адтуль дывідэнды. Добра, што атрымлівалася, стваралі небяспечныя моманты, гэта даволі добры наш козыр у рукаве».

Госці, трапіўшы пад халодны душ ужо ў самым пачатку, даволі хутка акрыялі ды на 25-й хвіліне пасля падачы кутняга Андрэс Конрадсэн лік аднавіў. Далей нарвежцы, атрымаўшы дозу адрэналіну, завалодалі ініцыятываю і стварылі некалькі небяспечных момантаў. Нервы былі на мяжы не толькі ў заўзятараў, не вытрымала нават асвятленне, якое крыху дало збой.

Аднак даволі хутка ўсе лямпы запрацавалі зноў, а з нічыйнымі 1:1 каманды адправіліся на перапынак. Амаль адразу пасля антракту гаспадары забіваюць, як потым высветлілася, пераможны гол: усё той жа Стасевіч выразаў на Максіма Скавыша, які апярэдзіў галкіпера і пераправіў мяч у браму.

«Мы добра дзеялі першыя 30 хвілінаў да прапушчанага голу, потым шмат абараняліся, таму казаць, што мы незадаволеныя лікам, не выпадае. Гэта такі вынік, які кажа пра тое, што ўсе вырашыцца ў наступнай гульні, як і заўсёды ў Еўракубках», – кажа паўабаронца ФК БАТЭ Дзмітрый Бага.

Некаторыя заўзятары хацелі, каб лік быў больш буйны, аднак у цэлым задаволеныя гульнёй БАТЭ і вераць у выхад сваёй каманды ў наступны раўнд.

Галоўны трэнер «Русэнборгу» паведаміў, што ягоная каманда ў матчы ў адказ пакажа рок-н-рол, на пытанне ў якім стылі згуляе БАТЭ, Аляксей Бага выбраў беларускі варыянт:

«Песняры» Мулявіна, Маладосць мая, Беларусія».

Спадзяемся, што стыль нашага песняра дапаможа «жоўта-сінім» у Нарвегіі, палову справы барысаўцы ўжо зрабілі ўдома.

Дзмітрый Сухановіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары